Маладафронтаўца шантажуюць разьмеркаваньнем у забруджаны раён
Сябра Мастоўскага Маладога Фронту Алега Пронскага выклікалі сёньня раніцай да першага прарэктара Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Аляксандра Дудук на прафіляктычную размову з нагоды яго палітычнай дзейнасьці.
На сустрэчы спадар Дудук паказаў Алегу Пронскаму здымкі з штогадовага фэсту ўшанаваньня памяці братоў Каліноўскіх у Сьвіслачы і раздрукоўку інфармацыі пра гэтую акцыю з сайта Гарадзенскага Маладога Фронту.
Першы прарэктар параіў Алегу Пронскаму не ламаць свой далейшы лёс і спыніць грамадзка-палітычную дзейнасьць, інакш гаспадарка ў якую разьмеркаваны студэнт 5 – га курса агранамічнага факультэта і вышэйшай школы кіраваньня Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта можа адмовіцца ад такога спэцыяліста і ўніверсытэт вымушаны будзе пераразьмеркаваць маладафронтаўца ў Гомельскую вобласьць.