viasna on patreon

Воіны-інтэрнацыяналісты маюць намер адмовіцца ад дзяржаўнай узнагароды

2009 2009-01-16T15:33:02+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

8 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб заснаванні юбілейнага медаля "20 гадоў вываду савецкіх войск з Афганістана". Клецкая раённая арганізацыя воінаў-інтэрнацыяналістаў заявіла аб тым, што адмовіцца ад узнагароды. Ініцыятыву падтрымалі і былыя "афганцы" з іншых куткоў Беларусі.

— У суботу адбудзецца савет нашай арганізацыі, дзе будзе складзены афіцыйны пратакол,— паведаміў "Народнай Волі" старшыня Клецкай раённай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане Аляксандр Ладага. — На сённяшні дзень у склад арганізацыі ўваходзяць 67 чалавек, літаральна з кожным я ўжо абмяркоўваў гэтае пытанне, усе ініцыятыву падтрымліваюць. Навошта нам гэты медаль, калі нас пазбавілі ўсялякіх ільгот?! Я ўвогуле гляджу на ўсё як на нейкі здзек з нас. У мінулым годзе і льгот пазбавілі, і падзялілі "афганцаў" на розныя катэгорыі: раненыя, не раненыя. Адным нешта "кінулі", у другіх адабралі. А сёння вырашылі ўсім юбілейныя медалі раздаць… Яно, можа, і прыемна, але ж хіба медалём будзеш сыты? Хіба толькі такой пашаны заслугоўваюць тыя, хто аддаў радзіме сваё здароўе, рызыкаваў сваім жыццём?! Прычым, заўважце, у большасці не па сваёй волі, а па загадзе зверху.

Удзельнік афганскай вайны юрыст Алег Волчак кажа, што ініцыятыву клецкіх "афганцаў" падтрымалі і іншыя воіны-інтэрнацыяналісты.

— Такая ўвага з боку дзяржавы, як уручэнне юбілейнага медаля, — гэта абраза. Асабліва для маці, у якіх тая вайна адабрала сыноў і дачок. Іх жа ўлада таксама пазбавіла льгот, — кажа Алег Волчак. — Калі льготы не будуць адноўлены да 15 лютага — дня 20-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана, ад медаля адмовяцца многія. Прычым мы патрабуем не проста вярнуць нам ільготы, а настойваем на тым, каб нас прызналі ўдзельнікамі вайны, як гэта зроблена ў Расіі. Беларускія "афганцы" да гэтага часу маюць толькі савецкае пасведчанне аб праве на льготы, якіх пазбавілі, а не пасведчанне ўдзельніка вайны. Акрамя таго, мы настойваем не на аднаўленні льгот, а на вяртанні сацыяльных гарантый, якія існавалі і ў савецкі час, і ў СНД…

Алег Волчак нагадвае, што падобны пратэст наспяваў даўно. Яшчэ ў мінулым годзе воіны-інтэрнацыяналісты мелі намер 15 лютага прынесці і пакінуць на Востраве слёз свае юбілейныя медалі, якія атрымалі ад дзяржавы ў дзень 10-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана. Але ў апошні момант пачаўся ціск на актывістаў, акрамя таго, юрысты патлумачылі ветэранам-"афганцам", што іх учынак могуць расцаніць як непавагу да дзяржаўнай узнагароды.

— Зараз мы вырашаем, як юрыдычна аформіць нашу адмову, каб нас не абвінавацілі ў непавазе да дзяржаўнай узнагароды і не прыцягнулі да крымінальнай альбо адміністрацыйнай адказнасці, — кажа Алег Волчак. — Думаю, што мы будзем рыхтаваць афіцыйныя лісты з тлумачэннем сваіх дзеянняў і адсылаць іх на імя мясцовых ваенкомаў.

Даведка "Народнай Волі"

Юбілейным медалём "20 гадоў вываду савецкіх войск з Афганістана" будуць узнагароджвацца не толькі беларускія грамадзяне (у тым ліку пасмяротна), якія выконвалі воінскі і службовы абавязак у Афганістане са снежня 1979-га па люты 1989 года. Юбілейны медаль будзе таксама ўручацца ваеннаслужачым Узброеных сіл краіны, іншых войск і воінскіх фарміраванняў, работнікам дзяржорганаў і іншым асобам, "якія зрабілі значны ўнёсак у героіка-патрыятычнае выхаванне беларускіх грамадзян, увекавечанне памяці загінуўшых, развіццё ветэранскага руху, арганізацыю працы па сацыяльнай, медыцынскай рэабілітацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў, інвалідаў і членаў сямей загінуўшых".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства