Пракуратура адмовіла Сьвятлане Завадзкай у завядзеньні крымінальнай справы супраць амонаўца, які яе зьбіў
Па інфармацыі агенцтва “Інтэрфакс” стала вядома, што Сьвятлане Завадзкай адмоўлена ў завядзеньні крымінальнай справы супраць амонаўца, які 7 ліпеня ўдарыў яе ў твар. Намесьнік пракурора Цэнтральнага раёну Менску Аляксей Волкаў у інтэрвью радыё Свабода пацьвердзіў гэты факт. Пасьля трохтыднёвай праверкі пракуратура прыйшла да высновы, што ў дзеяньнях амонаўца няма складу злачынства.
Рашэньне адмовіць у завядзеньні крымінальнай справы супраць амонаўца было прынятае 29 ліпеня, але Сьвятлане Завадзкай пра гэта афіцыйна не паведамілі. Крыніцай інфармацыі стала агенцтва "Інтэрфакс". Святлана Завадзкая пракаментавала гэта наступным чынам: “Калі гэта сапраўды так і мне адмовілі ў завядзеньні крымінальнай справы, то ў прынцыпе, іншага адказу я й не чакала. Тое, як паводзяць сябе беларускія ўлады ўсе апошнія гады, гаворыць пра тое, што іншага выніку чакаць было немагчыма”. Яна мае намер абскардзіць такое рашэньне ў вышэйшай інстанцыі.
Сьвятлана Завадзкая атрымала ад амонаўца ўдар кулаком у твар 7 ліпеня, падчас разгону акцыі памяці на Кастрычніцкім пляцы Менску, прысьвечанай пятай гадавіне зьнікненьня яе мужа – апэратара расейскай тэлекампаніі ОРТ Зьмітра Завадзкага.
Спадарыня Завадзкая зафіксавала пабоі і падала ў пракуратуру заяву з просьбаю завесьці супраць гэтага міліцыянта крымінальную справу. Пракурорская праверка цягнулася амаль тры тыдні і скончылася адмовай у завядзеньні крымінальнай справы.
Раней прадстаўнікі Менскай гарадзкой управы ўнутраных справаў заяўлялі, што ў інцыдэнце вінаватая сама Сьвятлана Завадзкая, якая, нібыта, справакавала амонаўца на бойку і той мусіў бараніцца.