Паплечнікаў Анжалікі Борыс не пусьцілі ў будынак Саюзу палякаў
У суботу ў Горадні каля камяніцы Саюзу палякаў на рагу вуліц Дзяржынскага і 17 верасьня сабралася прыблізна 150-200 чалавек — паплечнікаў Анжалікі Борыс, якая кіруе незарэгістраваным Саюзам палякаў, што не прызнаецца беларускімі ўладамі. Людзі выказвалі абурэньне тым, што іх не пускаюць усярэдзіну “Дома палякаў”, збудаванага на грошы польскага ўраду. Акцыя працягвалася прыблізна паўтары гадзіны.
Сабраныя пачалі разыходзіцца апоўдні — пасьля таго, як намесьнік Анжалікі Борыс Мечыслаў Яскевіч зачытаў ліст ад намесьніка ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў пры Саўміне сп. Ламекі. Ліст быў накіраваны спн. Борыс, ёй дакляравалі прадставіць свае пісьмовыя прапановы дзеля ўрэгуляваньня канфлікту вакол Саюзу палякаў, які працягваецца зь вясны 2005 году.
Сабрацца ля камяніцы СПБ паплечнікаў Борыс прымусіла тое, што яе запрасілі (дарэчы, упершыню) на паседжаньне афіцыйнага Саюзу палякаў на чале зь Юзафам Лучнікам, але не як кіраўніцу асобнай арганізацыі, а як звычайную грамадзянку. Людзі абураліся: “Гэта завялікі гонар, каб Борыс прыйшла размаўляць з паплечнікамі Лучніка, якіх ахоўвае міліцыя”. Сабраныя патрабавалі, каб Лучнік выйшаў да іх. Сама Борыс не прысутнічала.
Расчыніліся дзьверы і выйшаў Юзаф Лучнік, ён пачаў гаварыць: “Адбудзецца паседжаньне Галоўнай рады, на якім будзе вырашацца пытаньне аб скліканьні чарговага зьезду. На паседжаньне Рады была запрошана Анжаліка Борыс. Я спадзяюся, што яна прыйдзе, але я яе ня бачу…” Аднак прысутных абурыла, што ён пачаў гаварыць па-расейску, а не па-польску, яны сталі скандзіраваць “Ганьба!” Спадар Лучнік мусіў вярнуцца ў памяшканьне, нікога з сабраных туды не пусьцілі. Унутры Саюзу палякаў і на вуліцы знаходзіліся міліцыянты, людзі ў цывільным, яны таксама ахоўвалі дзьверы СПБ.