Іван Шыла распаўсюдзіў адмысловую заяву наконт сваёй службы ў войску
У панядзелак актывіст Маладога Фронту распаўсюдзіў заяву аб тым, што з’явіцца ў ваенны камісарыят толькі 3 лютага – адразу пасля заканчэння зімовага прызыву.
- У мяне ёсць дакладная інфармацыя, што на прызыўную камісію аказваўся ціск супрацоўнікамі КДБ. Таму я лічу незаконным рашэнне аб стане майго здароўя, бо быў парушаны прынцып незалежнасці медыцыны. Нават калі дыягназ адпавядае сапраўднасці, ісці ў войска - значыць пагадзіцца з нахабствам і незаконнасцю.
Я ня збіраюся з’язжаць з Беларусі. Я аптыміст, а быць аптымістам у Беларусі значыць патрабаваць немагчымага, таму:
1) я гатовы прайсці незалежную медычную камісію і адправіцца ў вайсковую частку, калі яна прызнае мяне прыдатным. Я самастойна з’яўлюся ў ваенкамат 3 лютага, адразу пасля заканчэння зімовага прызыву, каб пазбегнуць незаконнай фізічнай дастаўкі мяне ў ваенную частку, як тое было з актывістам Моладзі БНФ Змітром Жалезнічэнкам год таму;
2) я заяўляю, што ня буду выконваць Закон аб воінскім абавязку, покуль не будуць прыцягнуты да адказнасці супрацоўнікі КДБ і ваенны камісар Салігорскага раёну, якія аказвалі ціск на сяброў медычнай камісіі;
3) я патрабую не абмяжоўваць маё права на атрыманне адукацыі, то бок, даць мне магчымасць скончыць сярэднюю школу і даздаць іспыт у траўні 2009 году.
Як паведаміў Іван Шыла, копія гэтага звароту дасланая сёння ў рэспубліканскую пракуратуру, Міністэрства адукацыі, Міністэрства абароны і Салігорскі раённы ваенны камісарыят.