Сход пад адкрытым небам?
Ініцыятары збору подпісаў за зьмяненьне выбарчага заканадаўства дагэтуль ня маюць памяшканьня для свайго ўстаноўчага сходу. Пра гэта “Свабодзе” сёньня паведаміў сустаршыня Палітрады АДС Анатоль Лябедзька:
“У нас у групе больш за 800 чалавек. Каб сабраць іх разам, мы зьвярнуліся у 12 менскіх палацаў. На сёньняшні дзень атрымалі адказы з паловы. Усе яны - адмоўныя. Хто, як, напрыклад, кіраўніцтва Палацу глухіх, адмовіла без тлумачэньня прычынаў. А кіраўніцтва Палацу трактарнага заводу спасылаецца на тое, што ў гэты дзень тут будуць сьвяткаваць Дзень навукі”.
Устаноўчы сход заплянаваны на 25 студзеня. Згодна з дзейным заканадаўствам зьбіраць подпісы нельга без рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў Цэнтральнай выбарчай камісіі. А каб перадаць адпаведныя дакумэнты ў ЦВК, патрэбна абавязкова правесьці ўстаноўчы сход.