Партал TUT.BY узмацніў кантроль за выказваннямі на форумах
Найбуйнейшы беларускі інтэрнет-партал TUT.BY узмацніў кантроль за выказваннямі наведнікаў на форумах.
Як паведаміў БелаПАН кіраўнік партала Юрый Зісер, гаворка ідзе аб увядзенні так званага рэжыму прэмадэрацыі, калі выказванне карыстальніка перад з'яўленнем ў інтэрнеце праходзіць папярэднюю праверку. Ю.Зісер падкрэсліў, што гэты рэжым тычыцца толькі абмеркавання навін, што размяшаюцца на TUT.BY, і не адносіцца да астатніх форумаў, якія дзейнічаюць у рамках партала.
"Мадэратарам дадзена ўказанне выразаць толькі выказванні, якія ўтрымліваюць знявагі, мат, хамства і нецэнзурную лаянку. Ні аб якой палітычнай цэнзуры гаворка не ідзе", — зазначыў Ю.Зісер. Партал, прадоўжыў ён, ніколі не "глушыў" палітыку, і цяпер можна пераканацца, што крытычныя выказванні аб уладзе, "калі яны знаходзяцца ў рамках прыстойнасці", заўсёды з'яўляюцца на форумах.
Паводле слоў Ю.Зісера, пераход да рэжыму прэмадэрацыі — гэта вымушаная мера, таму што "цярпець далей мат і хамства было немагчыма", а мадэратары са сваёй працай спраўляліся не заўсёды. "Мы пайшлі на прэмадэрацыю і пакуль не шкадуем. Аб'ём рэплік не паменшыўся, затое спыніўся мат, хамства, знявагі і флуд", — зазначыў кіраўнік партала.
Ён таксама паведаміў, што ў перспектыве TUT.BY можа ўвесці статус "добрасумленных карыстальнікаў" форумаў. Плануецца, што такім статусам змогуць валодаць тыя "фарумчане", чые выказванні ў пераважнай большасці праходзяць ухвалу мадэратара. Для іх рэжым прэмадэрацыі дзейнічаць не будзе.
Цяпер на партале TUT.BY зарэгістравана каля 160 тыс. наведнікаў форумаў, і іх колькасць штодзённа расце, паведаміў Ю.Зісер, паведамляе БелаПАН