viasna on patreon

Праваабаронцу Шчукіна вінавацяць у хуліганстве (дапоўнена)

2009 2009-01-22T18:50:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Валеры Шчукіна асудзілі да штрафу памерам дзьве базавыя велічыні. Суддзя Андрэй Прэйс прызнаў праваабаронцу вінаватым, разгледзеўшы міліцэйскі пратакол, паводле якога спадар Шчукін нібыта непрыстойна паводзіў сябе ў гарадскім клінічным шпіталі №2, спрабуючы пазбавіць непаўнагадовага Максіма Андрэева ад псіхічнага ціску ўрача-псіхіятара ў снежні мінулага году.

Cёння, 22 студзеня, ў судзе Першамайскага раёну г.Віцебску адбыўся адміністратыўны працэс над праваабаронцам Валеры Шчукіным. Першамайскі РАУС прад’явіў праваабаронцу абвінавачванне па артыкуле 17.1 ПВКаАП – “у хуліганстве”.

“Хуліганства” спадара Шчукіна звязанае са справай непаўнагадовага Максіма Андрэева, якога ў парушэньне Канвенцыі аб правах дзіцяці і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адміністрацыя Кастрычніцкага раёна г. Віцебску без судовага рашэння пазбавіла права пражываць з бацькамі, а абласныя медыкі ўтрымлівалі ў псіхіятрычнай клініцы. Як мы паведамлялі раней, падлетак зараз знаходзіцца ў Ветрынскай школе-інтэрнаце.

“Паляванне” на Максіма Андрэева распачалося 10 снежня. І гэта, як сцвярджаюць мясцовыя праваабаронцы, была ўжо трэцяя спроба. Хлопчык пайшоў у паліклініку, дзе яго ўжо чакалі міліцыянты. Кіравалі аперацыяй начальнікі Кастрычніцкага і Першамайскага РАУС Зубец і Цярэшчанка. Без рашэння суда Максіма адвезлі ў дзіцячы прытулак. Але праваабаронцам, якія дапамагаюць сям’і Андрэевых у няпростым змаганні з гарадскімі ўладамі і міліцыяй, усё ж удалося ў той дзень дамагчыся, каб хлопчыка накіравалі на лячэнне ў стацыянарную установу. 11 снежня, калі маці Таццяна Андрэева, старэйшы брат Вячаслаў і праваабаронцы прыйшлі наведаць Максіма, у палаце з ім размаўляў спецыяліст па псіхіатрыі Сырнікаў. Па словах наведвальнікаў, Максім быў вельмі ўзрушаны і прасіў псіхіятара, каб той пакінуў яго ў супакоі. Патрабаванні маці спыніць псіхічны ціск на яе дзіця Сырнікаў праігнараваў.

Паводле В.Шчукіна, ён не мог дазволіць здзекавацца над дзіцем, а таму яму прыйшлося выставіць псіхіятара з палаты. У адказ на гэта бальнічнае начальства выклікалі міліцыянтаў, якія склалі на праваабаронцу пратакол.

 

“Натуральна, я ўступіўся за дзіця і прымусіў '”спецыяліста па псіхіятрыі'” пакінуць хлопца ў супакоі, паказаўшы яму на дзверы. Сырнікаў тут жа выклікаў міліцыю з аўтаматамі. Яна прыбыла, але не стала ўмешвацца, паколькі не знайшла для гэтага падставы. Тады ён падаў на мяне заяву, што я яго абразіў. Наша доблесная міліцыя тут жа ўзрадавалася і замест “абразы'”, за якую прадугледжаны толькі штраф, склала пратакол за “хуліганства”, за якое могуць пасадзіць “на суткі”. Даўно не сядзеў, і ім вельмі хочацца туды мяне ўпекчы. Акрамя таго, напісалі ў пратаколе, што я яшчэ лаяўся мацюком, як звычайна”, - паведаміў Валеры Шчукін сайту ucpb.org. – У сваю чаргу я напісаў у пракуратуру заяву аб узбуджэнні супраць Сырнікава крымінальнай справы, паколькі прымусовае пасяленне ў “псіхушку” забароненае законам. Пракуратура пакуль маўчыць, а вось суд будзе сёння”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства