У Менску ідуць перамовы ў справе вызвалення Эмануіла Зельцэра
У беларускім Міністэрстве замежных справаў пачаліся перамовы з прадстаўніком Дзярждэпартаменту ЗША ў справе вызвалення Эмануіла Зэльцэра. Не выключана, што вынікам перамоваў стане вызваленне амерыканскага грамадзяніна, які адбывае трохгадовае пакаранне ў магілёўскай калоніі.
Перамовы ў справе вызвалення Эмануіла Зельцэра сапраўды вядуцца ў знешнепалітычным ведамстве ў Менску. Гэта радыё Рацыя пацвердзілі адвакат зняволенага Дзмітрый Гарачка і брат Зельцэра. У самім МЗС Беларусі даваць інфармацыю пра перамовы адмаўляюцца. Паводле ж Марка Зельцера, які жыве ў Нью-Ёрку, у Менск прыехаў адзін з вядучых адвакатаў юрыдычнага аддзелу Дзяржаўнага дэпартаменту:
“Прадстаўнік дзярждэпартамента ўжо ў Менску і ў 15.00 паводле беларускага часу павінны былі пачацца перамовы. Я пакуль нічога не ведаю. Ніхто не ведае, якія ўмовы прапануюць беларусы. Я думаю, што справа вырашаная. Я не магу ўявіць, як можна выклікаць прадстаўніка дзяржаўнага дэпартаменту ЗША і адправіць яго дахаты ні з чым. Спадзяюся, што брат будзе вызвалены калі не сёння, то заўтра. Інакш што яны скажуць? Калі вы не пагадзіцеся на нашыя ўмовы, то ён памрэ”.
Марк Зельцэр гаворыць, што яго брат Эмануіл знаходзіцца ў кепскім стане і яму тэрмінова патрэбная аперацыя на сэрцы.
Адвакат Эмануіла Зельцэра Дзмітрый Гарачка пакуль ніякай інфармацыяй аб ходзе перамоваў і не валодае.
“Ведаю, што сустрэча ў МЗС ідзе, але што там і як не гатовы сказаць. Не каментую, таму што не маю ніякай інфармацыі. Я нават не ведаю прадмет размоваў”.
Адвакат Гарачка па-ранейшаму лічыць Зельцэра невінаватым і працягвае настойваць на ягоным неадкладным вызваленні. Раней, беларускія ўлады казалі, што Эмануіл Зельцэр будзе вызвалены на ўмовах, якія адпавядаюць узаемным інтарэсам.
Марк Зельцэр у справе вызвалення свайго брата настроены аптымістычна. Ён лічыць, што афіцыйны Менск цяпер хоча наладзіць адносіны з новай адміністрацыяй у Вашынгтоне:
“Калі пачынаецца новая палітыка новай адміністрацыі, то многія краіны хочуць пачаць новыя адносіны. Добрыя стасункі паміж Амерыкай і Беларуссю не рухаюцца наперад, таму што існуе закладнік. Якога ўзялі ні за што і трымаюць амаль год у жахлівых умовах. Новая адміністрацыя Барака Абамы не хоча пачынаць адносіны з Беларуссю з праблемы. Я думаю, што ўлады Беларусі гэта таксама добра разумеюць”.
Эмануіл Зельцэр знаходзіцца у зняволенні з сярэдзіны сакавіка мінулага году. Яго асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў камерцыйным шпіянажы супроць Беларусі і выкарыстання непраўдзівых дакументаў. Амерыканскія ўлады і праваабарончыя арганізацыі неаднаразова заклікалі вызваліць Эмануіла Зельцэра.