Беларускамоўных не бяруць на працу?
Сябра Рады Моладзі БНФ Вольга Усьціновіч паведаміла, што ў кадравым агенцтве яе прасілі выкрэсьліць з анкеты пункт пра тое, што яна добра валодае беларускай моваю.
«Трапіла я ў дастаткова тыповую, у сувязі з апошнімі падзеямі, сытуацыю, крызіс, скарачэньне і, у выніку, засталася без працы - распавяла дзяўчына прэс-службе БНФ. - Прыемнага мала, але была упэўненасьць, што хутка і лёгка знайду новую. Здавалася б, усё неабходнае для гэтага ёсьць: дыплём аднаго з самых прэстыжных ВНУ краіны, замежная мова, розныя курсы і некаторы досьвед. Вось толькі адно я не ўлічыла. У сваім рэзюмэ я пазначыла: «Свабодна валодаю беларускай мовай».
Дзяўчына ўбачыла аб'яву аднаго зь лепшых у Менску агенстваў па падборы пэрсаналу і адправіла рэзюмэ. «Празь некалькі дзён мяне запрашае на сумоўе мэнэджэр Сьвятлана, вельмі мілая дзяўчына, без сумневу прафэсіянал, - распавядае В. Усьціновіч. - Усё праходзіць стандартна: анкета, размова, пытаньні, адказы... Даходзім да пункту з маёй беларускай мовай (на сумоўі я размаўляла па-расейску). Сьвятлана зьдзіўляецца, яна не разумее, навошта я гэта пазначыла, і прапаноўвае выкрэсьліць гэты пункт. Усё тлумачыцца вельмі проста. Мае веды і тое, што я умею, па вялікім рахунку, зьяўляюцца таварам, а добра прадаецца толькі той тавар, які карыстаецца попытам. А мая беларуская мова нікому не патрэбная, яна толькі выклікае лішнія пытаньні».
Мэнэджэр Сьвятлана паведаміла Вользе цікавую інфармацыю. Аказваецца рэзюмэ, напісаныя на беларускай мове, часьцей за ўсё увогуле не чытаюцца. А навошта???
«Пункт пра беларускую мову я ня выкрэсьліла. А ў мяне засталося шмат пытаньняў...» - падсумавала Вольга.