viasna on patreon

Трусаў: Зьмены будуць тады, калі грамадзкая думка ня будзе “спаць у шапку”

2009 2009-01-22T15:30:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У першыя клясы зь беларускай мовай навучаньня сёлета пайшлі 16,7% школьнікаў. Гэта на 2% менш, чым летась. Такія несуцяшальныя зьвесткі прыводзіць газэта “Наша Ніва”. З кожным годам статыстыка робіцца ўсё больш сумнай. Яшчэ тры гады таму па-беларуску ў школах краіны навучалася 22% дзяцей, а сёлета іх 18,4%. Калі ж параўнаць гэтыя лічбы з дадзенымі дзесяцігадовай даўніны, то ўвогуле робіцца ніякавата. Цяжка ў гэта паверыць, але яшчэ ў 1994 годзе на роднай мове ў Беларусі навучаліся 69% школьнікаў.

Небясьпечную тэндэнцыю мы папрасілі пракамэнтаваць старшыню Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алега Трусава.

Сп. Алег, хто, на Вашую думку, адказвае за такі стан рэчаў, бацькі ці ўлады?

Алег Трусаў: У першую чаргу дзяржаўная палітыка, а ў другую – пасіўнасьць бацькоў. Каб бацькі былі больш актыўныя, то такіх лічбаў не было б.

Атрымоўваецца, што нават у вёсках стала менш вучняў, якія вучацца па-беларуску?

Алег Трусаў: На вёсках ідзе катастрофа. Маленькія вёскі паміраюць. Кожны год маленькія школы зь беларускай мовай навучаньня зачыняюцца. У буйных вёсках будуюць аграгарадкі й школы там пераводзяць на расейскую мову, быццам бы па просьбе бацькоў. Кожны год гінуць сотні маленькіх беларускамоўных школаў. Больш за тое, дзіцёнак спачатку вучыцца па-беларуску, пяць ці чатыры гады, а потым гвалтам яго гоняць у расейскую школу й ён там мучаецца.

Ці спрабавалі вы даведвацца ў кіраўнічых ворганах, чаму так адбываецца? Ці рэальна паўплываць на гэты працэс?

Алег Трусаў: У нашай справе ўсё рэальна.  На днях мы прымем адпаведную заяву, зараз мы яе дашліфоўваем. Сёньня я напісаў адпаведны ліст Сідорскаму, запыт намесьніку міністра адукацыі ды ў іншыя інстанцыі. Яны ўпершыню далі мне аб’ектыўную інфармацыю, бо раней хавалі. Я ім за гэта падзякаваў. Але сытуацыя, мабыць, пачала мяняцца, лібэралізацыя пачынаецца. Я думаю, што зьмены могуць быць, калі грамадзкая думка ня будзе “спаць у шапку”. Гэта вялікая віна ня толькі ўладаў, але й гэтак званай апазыцыі. Калі ў Гародні, адкуль Мілінкевіч, няма ніводнай беларускамоўнай клясы, паўстае пытаньне: дык дзе вучацца дзеці гэтых дэмакратаў, якія “гінуць за свабоду”. Яны ня пішуць заяваў, каб дзеці вучыліся па-беларуску.

Але ёсьць і станоўчыя прыклады. У Горках ёсьць сям’я Каральковых. Яны прымусілі ўлады адну іхную дачку Машу вучыць па-беларуску, а для малодшага сына ўлады Горак стварылі клясу. Адзін сябра ТБМ у Бярозе, з нашай дапамогай, выйшаў на пракуратуру й яму стварылі клясу каб вучыць дачку. Чыноўнікі сабралі яшчэ 15 бацькоў і ў Бярозе цяпер ёсьць кляса. Трэба менш езьдзіць па Эўропах, а больш па нашых гарадах. Наша апазыцыя займаецца ня тым, чым трэба. Падчас апошніх выбараў у “палатку” АГП усе ўлёткі й рэклямную газэту зрабіла па-расейску.  Грошы ж ёсьць, ня бедная партыя. І друкаваліся там людзі, якія цудоўна ўмеюць гаварыць па-беларуску, напрклад, сябра ТБМ Аляксандар Дабравольскі. Іншая справа, каб яны ня ведалі, а то ж усе ведаюць.

Ну, гэта відаць такі PR-крок у бок расейскаймоўнай большасьці выбаршчыкаў?

Алег Трусаў: Які PR-крок, гэта ж здрада. Я ішоў некалі ў дэпутаты ў савецкі час і прынцыпова не ўжываў ніводнага расейскага слова. І я перамог у выбарах толькі з-за мовы. Тым больш, каб гэта былі сапраўдныя выбары, але ж гэта ня выбары. Яны па-расейску выступаюць з экранаў, а ведаце для каго гэта? Для замежных спонсараў, якія ня ведаюць беларускай мовы. Давайце шчыра глядзець праўдзе ў вочы. Калі б ён так змагаўся за адукацыю, як ён змагаецца за паездку ў ЭЗ, то ўжо школа была б беларуская. ТБМ дабілася й стварылі беларускамоўную гімназію на базе 23-яй школы. Яна й зараз дзейнічае, адна зь лепшых, у цэнтры Менску. Стварылі, дарэчы, дзякуючы мэру Менску Паўлаву.

А ці спрабавалі Вы прыцягнуць лідэраў палітычных партыяў, каб яны дапамаглі Вам у вырашэньні гэтай праблемы?

Алег Трусаў: Калі нават палова дэпутатаў ад БНФ выступала падчас выбараў па-расейску, я ўжо маўчу пра АГП і камуністаў, то пра што можна казаць. Я на іх не зьвяртаю ўжо ніякай увагі, лічу, што гэта людзі ўчарашняга дня. Яны ніколі не перамогуць і будуць боўтацца, як пэўная рэч, у палонцы. Нічога зь іх ня будзе.

Намесьнік міністра інфармацыі Лапцёнак паведаміў, што толькі кожная 15-ая кніга ў Беларусі выдаецца на роднай мовы. Няма цікаўнасьці да беларускай кнігі?

Алег Трусаў: Яны й рускія не купляюцца. Яны выдаюць абы што і на расейскай, і на беларускай. Каб яны выдавалі кнігі Быкава, Арлова, Іпатавай, стаяла б чарга. Яны вадаюць кнігі тых, чые кнігі на любой мове ніхто ня будзе чытаць - кнігі сяброў, блізкіх, знаёмых. Тут ня ў мове справа, а ў зьмесьце.

У гэтым годзе мае прайсьці перапіс насельніцтва. Як Вы думаеце, ці ён будзе на карысьць беларускамоўных?

Алег Трусаў: Усё залежыць ад таго, як грамадзкасьць паставіцца да перапісу. У мінулы раз ТБМ перамгло. Мы будзем увесь час рабіць звароты да людзей і людзі нас паслухаюць, і вынікі будуць ня горшыя, а можа й лепшыя. Вырасла патрыятычная моладзь, памерлі прыхільнікі СССР, і што б улада не рабіла – вынікі будуць лепшыя.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства