Еўрапейскія праваабаронцы выступаюць супраць гвалтоўнага прызыву ў войска беларускіх моладзевых актывістаў
Міжнародная фундацыя “Дом правоў чалавека” зьвярнулася да міністра абароны Беларусі з заклікам спыніць перасьлед моладзевых актывістаў шляхам гвалтоўнага прызыву ў войска.
Міністру абароны Рэспублікі Беларусь,
генэралу-палкоўніку Леаніду Мальцаву
21 студзеня 2009
Паважаны сп.Мальцаў,
Фундацыя “Дом правоў чалавека” выказвае сваю занепакоенасьць вялікай колькасьцю выпадкаў, калі супраць беларускіх моладзевых актывістаў, папярэдне прызнаных нягоднымі да службы ў войску, тым ня меньш, ужываецца гвалтоўны прызыў як сродак перасьледу за іх грамадзкую і палітычную дзейнасьць.
Мы асабліва занепакоеныя лёсам моладзевых актывістаў Івана Шылы і Франака Вячоркі. Франак Вячорка, лідар “Моладзі БНФ”, быў накіраваны ў Рэспубліканскі вайсковы шпіталь ў верасьні 2008 году, нягледзячы на тое, што летам 2008 мэдычная камісыя прызнала яго непрыдатным да службы ў войску. Падчас знаходжаньня ў шпіталі Вячорка быў гвалтоўна дастаўлены ў вайсковы камісарыят невядомымі асобамі і прызнаны годным прызыўной камісыяй.
Іван Шыла, намесьнік старшыні “Маладога фронту” у Салігорску, быў прызнаны непрыдатным да службы ў войску ў лістападзе 2008 году, але 12 студзеня ён быў затрыманы салігорскай міліцыяй каля свайго дому і адзвезены ў вайсковы камісарыят для медычнага агляду. Пад ціскам супрацоўнікаў КДБ Шыла быў прызнаны прыдатным да вайсковай службы.
Фундацыя “Дом правоў чалавека” зьявртае ўвагу на дыскрымінацыйны палітычна-матываваны характар гэтых дзеяньняў, выказвае занепакоенасьць лёсам сяброў партыі БНФ Віталя Каратыша і Зьміцера Жалезьнічэнкі, былога лідара “Моладзі БНФ” Алеся Каліты, былога лідара “Моладзі БНФ” Зьміцера Федарука, актывіста “Маладога фронту” Паўла Кур’яновіча, актывістаў “Эўрапэйскай Беларусі” Паўла Батуева, Фёдара Чаранкова, Алеся Круткіна, Арцёма Забарына і Ўладзімера Сяргеева, а таксама беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца ў Эўрапэйскім гуманітарным ўнівэрсытэце ў Вільні і ў межах “Праграмы Каліноўскага” ў Польшчы.
Існуе шмат сьведчаньняў таго, што гвалтоўны прызыў у войска гэтых моладзевых грамадзкіх і палітычных актывістаў быў зыніцыяваны беларускімі спэцслужбамі. Моладзевых актывістаў як правіла затрымлівалі людзі ў цывільным і дастаўлялі іх у вайсковыя камісарыяты. Пры гэтым ігнараваліся папярэднія мэдчыныя заключэньні, паводле якіх некаторыя з гэтых актывістаў былі прызнаныя непрыдатнымі да службы ў войску. Прадстаўнікі спэцслужбаў актыўна ўмешваюцца ў працэс прызыву вышэйзгаданых людзей у войска.
Фундацыя “Дом правоў чалавека” лічыць дыскрымінацыю ў адносінах да моладзевых актывістаў парушэньнем Артыкула 26 “Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах”, прынятага Генэральнай асамблеяй ААН 16 сьнежня 1966 году. Гэтая дамова, ратыфікаваная Беларусьсю, прадугледжвае, што “усе людзі роўныя перад законам і маюць без аніякай дыскрымінацыі роўныя правы на законную абарону. З гэтай прычыны, закон мусіць забараняць любую дыскрымінацыю паводле любых прыкметаў, такіх як раса, колер скуры, пол, мова, веравызнаньне, палітчыныя або іншыя перакананьні, нацыянальнае або сацыяльнае паходжаньне, маёмасьць, нарожданьне або іншы статус.”
Мы таксама нагадваем Вам аб Артыкуле 12 Рэзалюцыі Генэральнай асамблеі ААН 53/144 ад 8 сакавіка 1999 году, вядомай як “Дэклярацыя аб правах і абавязках асобаў, групаў ці сацыяльных ворганаў спрыяць і абараняць сусьветна прызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды”, якая прадугледжвае, што “кожны чалавек мае права, індывідуальна і супольна зь іншымі, удзельнічаць у мірнай дзейнасьці, накораванай супраць парушэньняў правоў чалавека і асноўных свабод.” (Артыкул 12.1) і “дзяржава павінна рабіць усе неабходныя захады па забесьпячэньні абароны, пры дапамозе кампэтэнтных ворганаў, кожнага чалавека, які выступае індывідуальна і супольна зь іншымі, ад любога гвалту, пагрозаў, помсты, нэгатыўнай дыскрымінацыі дэ-факта або дэ-юрэ, ціску або любога іншага адвольнага дзеяньня ў сувязі збзаконным ажыцьцяўленьнем яго або яе правоў, згаданых ў гэтай Дэклярацыі.” (Артыкул 12.2)
У дадатак, нам хацелася б Вам паведаміць, што, дыскрымінацыйны падыход да моладзевых актывістаў зьяўляецца ня толькі парушэньнем правоў чалавека, але й можа стаць прычынай іншых парушэньняў, такіх як парушэньне права на здароўе і права на свабоду. У выніку, беларуская дзяржава будзе несьці адказнасьць за гэтыя парушэньні.
Фундацыя “Дом правоў чалавека” настойліва заклікае беларускія ўзброеныя сілы паважаць мэдчыныя заключэньні, датычныя стану здароўя моладзевых актывістаў, і прытрымлівацца законных палажэньняў аб парадку прызыву асобаў на вайсковую службу.
З павагай,
Марыя Дале,
Выканаўчы дырэктар
Фундацыі “Дом правоў чалавека”