Канфлікт паміж беларускімі ўладамі і Саюзам палякаў на Беларусі
Канфлікт пачаўся ў сакавіку 2005 года, калі Міністэрства юстыцыі Беларусі не прызнала вынікі VI зьезду Саюза палякаў на Беларусі. На ім было абранае новае кіраўніцтва СПБ на чале са старшынёй арганізацыі Анжалікай Борыс замест лаяльнага да ўладаў Тадевуша Кручкоўскага. Гэта выклікала пратэст з боку польскай меншасьці ў Беларусі, а таксама Рэспублікі Польшча.
28 ліпеня польскі міністар замежных справаў Адам Ротфельд заявіў, што Польшча адклікае з Беларусі свайго пасла Тадевуша Паўляка "да вырашэньня сітуацыі". Ноччу з 27 на 28 ліпеня АМОН захапіў офіс Саюзу полякаў у Гродна. Супрацоўнікі офіса і журналісты, сілком былі затрыманыя, але пасьля вызваленыя. Гарадзенскія палякі на каленях маліліся перад будынкам Саюзу, каб Бог даў даў паратунку ў такой сітуацыі.
Палітычныя матывы тут даволі празрыстыя. 26 ліпеня, выступаючы на паседжаньні ўраду, А.Лукашэнка заявіў, што не пацерпіць ўмяшальніцтва Польшчы ва ўнутраныя справы Беларусі з «надуманым пытаньнем пра «Союз палякаў». Пасьля гэтага авіацыйнае ведамства Беларусі не прадставіла паветраны карыдор для самалёту ВПС Польшчы, у якім урадавая дэлегацыя ляцела на адкрыцьцё помніка ахвярам Катыні, з-за чаго палякам прыйшлося ляцець праз Украіну. Увечары таго ж дня афіцыйны Мінск абвергнуў гэтую інфармацыю, заявіўшы, што патрэбнае рашэньне ў палякаў было, але яны па незразумелых прычынах не пажадалі ім скарыстацца. Усю гісторыю ў польскім выкладзе Мінск назваў «правакацыяй». Таксама беларускія ўлады прынялі рашэньне аб спыненьні дзейнасьці ў Беларусі еўрапейскага фонду “Дыялог”, зарэгістраванага ў Варшаве. Па беларускай тэлевізіі паказалі фільмы пра шпіёнскія гісторыі, прычым, гадовай даўніны.
У выніку з Беларусі былі высланыя некалькі супрацоўнікаў польскай дыпмісіі, а з Польшчы – беларускія. Наконт падзеяў выказаўся польскі прэзідэнт Аляксандар Квасьнеўскі, які заявіў, што гэта канфлікт не з беларускім грамадзтвам, а з палітычным рэжымам.
Сітуацыя працягвае накаляцца. У канцы ліпеня – пачатку жніўня былі затрыманыя лідэры Саюза палякаў, якім суд горада Ліды вынес пакараньне за правядзеньне несанкцыянаваных мерапрыемстваў у выглядзе адміністратыўнага арышту: галоўны рэдактар “Магазына польскего” Андрэй Пачобут атрымаў 15 сутак, Мечыслаў Яскевіч і Юзаф Пажэцкі 10 сутак, намесьнік старшыні Саюза палякаў Веслаў Кеўляк і Тадевуш Гавін, адзін з заснавальнікаў гэтай грамадзкай арганізацыі па 15 суток і прэс-сакратар Анжей Пісальнік атрымаў 10 сутак адміністратыўнагавного арышту. Старшыні Анджаліке Борыс пракуратурай вынесена папярэджаньне.
Абвастрэньне беларуска-польскага канфлікту прыцягнула ўвагу ЗША і ЕС, якія выступілі з крытычнымі заявамі ў адрас беларускіх уладаў. Еўракамісія таксама афіцыйна выказала занепакоенасьць падзеямі вакол польскай нацменшасьці ў Беларусі. У адказ МЗС Беларусі абвінаваціў Брусель і Вашынгтон у спробе ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы краіны.