viasna on patreon

У Менску прэзэнтаваная складанка “Прэм’ер Тузін”

2009 2009-01-28T17:01:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Усяго ў чацьвертае па ліку мультымэдыйнае выданьне ўвайшлі 42 песьні, што бралі ў гіт-парадзе чарту цягам музычнага сэзону. Сярод іх – зоркі беларускай альтэрнатыўнай музыкі (IQ48, B:N і Лявон Вольскі, “Глюкі”, “Сьцяна”), прадстаўнікі фолк-сцэны (OSIMIRA, “Песьняры”, “Рокаш”), папулярнай музыкі (Аляксей Хлястоў, Prima-Vera). Багата гэтым разам і новых імёнаў – такія калектывы й выканаўцы, як Jab Club, Тацьцяна Беланогая, ILO & Friends, ці не ўпершыню прадстаўленыя ў такім масавым накладзе. Усіх выканаўцаў лучыць фармат “Тузіна Гітоў”– якасная беларускамоўная музыка.

Акром прыхільнікаў беларускай музыкі да падвядзеньня вынікаў на трэк ліст складанкі па традыцыі паўплывалі аўтарытэтныя беларускія музычныя аналітыкі. Гэтым разам вызначаць лепшых дапамагалі прадстаўнікі айчыннай гуказапісвальнай індустрыі – Ігар Будай (заснавальнік польскай студыі «Ariola», Гданьск), Канстанцін Кулеш (прадусар і гукарэжысэр студыі Super8), Андрэй Баброўка (студыя «Селах»), гукарэжысэр студыі «Осмос» Ігар Плевін, Генадзь Сыракваш (кіраўнік PRO-2-Studio).

Выдавец парталу “Тузін Гітоў” Вецер Мэханічны заўважае, што галоўнай мэтай дзейнасьці гэтага інтэрнэт-праекту зьяўляецца аніяк не вызначэньне «лепшых зь лепшых»: “Найперш, мы прапагандуем сучасную беларускую музыку і ствараем эфэктыўныя магчымасьці выйсьця да слухачоў для маладых выканаўцаў. Разам з тым празрыстасьць, узважанасьць і грунтоўнасьць падвядзеньня музычных вынікаў разам з наведнікамі і рознымі музычнымі экспэртамі дае падставы разглядаць «Прэм'ер Тузін» як аб'ектыўную і незалежную музычную прэмію”.

Музыка фармату «Тузін Гітоў» сёньня прадстаўлена штогадовымі пасьпяховымі CD-складанкамі, буйнейшым легальным сеціўным каталёгам беларускамоўных песень у фармаце MP3, зь якога штомесяц фіксуецца блізу 50 000 спампоўваньняў трэкаў. Радыёвэрсія гіт-параду штотыдня гучыць на FM-cтанцыі радыё «Рацыя» (Беласточчына і Заходняя Беларусь на хвалях 98,1FM) на чале зь нязьменным вядучым Алегам Хаменкам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства