viasna on patreon

У Беларусь не пусьцілі дэлегацыю Эўрапарлямэнту

2005 2005-08-09T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

8 жніўня дэлегацыю Еўрапарламенту ў складзе намесьніка старшыні Эўрапарлямэнту Яцка Сарыюш-Вольскага, кіраўніка дэпутацкай групы па сувязях зь Беларусьсю Богдана Кліха і дэпутатаў Багуслава Соніка і Барбары Кудрыцкай не пусьцілі ў Беларусь. Гэта адбылося на памежным пераходзе Кузьніца Беластоцкая – Брузгі. Разам зь імі ў Горадню ехаў кіраўнік гарадзкіх уладаў Беластоку Рышард Тур.
Інфармацыю аб маючым адбыцца візыце прадстаўнікоў Эўрапарлямэнту распаўсюдзіў Генэральны консул Польшчы ў Горадні Анджэй Крантоўскі. Ён сказаў, што ў паездцы ўдзельнічае мэр Беластоку, каб сустрэцца са сваім гарадзенскім калегам.
Плянавалася, што госьці з Эўрапарлямэнту ў Генэральным консульстве сустрэнуцца а 16-й гадзіне з кіраўніком Саюзу палякаў Анжалікай Борыс. Прыблізна ў гэты час у консульства прыбыла яна сама, яе намесьнік Юзаф Пажэцкі і кіраўнік Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі Саюзу Мечыслаў Яскевіч.
Неўзабаве стала вядома аб тым, што прадстаўнікоў Эўрапарлямэнту не пусьцілі ў Беларусь. Кіраўнік дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту ў справах Беларусі Богдан Кліх распавёў радыё Свабода, што пасьля доўгага чаканьня на памежным пераходзе, беларускі памежнік раптам заявіў, што ўсе чацьвёра дэпутатаў Эўрапарлямэнту, а таксама мэр Беластоку Рышард Тур і журналіст Марцін Сьмялоўскі, які ехаў разам з дэпутатамі і якога некалькі дзён таму ўжо не пусьцілі ў Беларусь , ня могуць уехаць на беларускую тэрыторыю. “Гэта відавочнае бяспраўе. Нягледзячы на наяўнасьць сапраўдных дакумэнтаў, якія дазваляюць перасякаць беларускую мяжу, беларускія памежнікі мэтанакаіравана забаранілі ўезд у краіну чатыром дэпутатам Эўрапарлямэнту, мэру Беластоку і польскаму журналісту. Я не разумею гэтага рашэньня. Адміністрацыя Лукашэнкі парушае падставовыя нормы міжнароднага права і міжнародная супольнасьць павінна зрабіць з гэтага высновы” – сказаў Богдан Кліх. Паводле яго словаў, дадзены выпадак яшчэ раз пацьвярджае, што тое, што цяпер адбываецца, гэта не справа двухбаковых кантактаў паміж Польшчай і Беларусьсю, але справа дачыненьняў паміж Беларусьсю і ўсім Эўразьвязам.
Кіраўнік дэлегацыі дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту ад Польшчы, віцэ-сьпікер Эўрапарлямэнту Яцак Сарыюш-Вольскі перад выездам у Беларусь заявіў, што Эўрапейскі парлямэнт ніколі ня быў і ня будзе абыякавы да парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.
Паводле словаў Сарыюша-Вольскага, калі афіцыйны Менск ня будзе шанаваць правоў чалавека, у тым ліку й правоў польскай меншасьці, то ён павінен быць ізаляваны. Сарыюш-Вольскі падкрэсьліў, што выключае магчымасьць перамоваў з былым старшынём СПБ Тадэвушам Кручкоўскім.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства