Выбарчае заканадаўства наблізяць да эўрапейскага?
10 лютага ў Менску экспэрты Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ і экспэрты Нацыянальнага цэнтру заканадаўчай дзейнасьці пачынаюць абмеркаваньне магчымых зьмяненьняў Выбарчага кодэксу краіны.
Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік сказаў “Свабодзе”, што працэс выпрацоўкі канкрэтных прапановаў уступіў у другую фазу:
“Мяркуецца, што прадстаўнікі АБСЭ разам з прадстаўнікамі беларускага боку напрацуюць прапановы. Яны потым будуць разглядацца заканадаўцамі на прадмет іхнага ўключэньня ў выбарчае заканадаўства. Думаю, што канструктыўныя прапановы, якія ўзьнікнуць падчас абмеркаваньня, могуць знайсьці сваё адлюстраваньне ў канкрэтных пунктах заканадаўства альбо ў рэкамэндацыях, накіраваных на ўдасканаленьне працэдуры падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў”.
Старт гэтаму працэсу даў візыт у Менск кіраўніка Бюро АБСЭ Янэза Ленарчыча. Два з паловай тыдня таму ён размаўляў з кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімерам Макеем. Тады суразмоўца, як пасьля паведаміў спадар Ленарчыч журналістам, запэўніў у гатоўнасьці і палітычнай волі кіраўніцтва Беларусі правесьці выбарчую рэформу.
Аднак ні прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партыяў, ні дэмакратычнай грамадзянскай супольнасьці да ўдзелу ў абмеркаваньні магчымых зьменаў заканадаўства не запрошаныя. Хаця і адны, і другія маюць нямала прапановаў.
Сустаршыня Палітрады АДС Анатоль Лябедзька гэта пацьвярджае:
“Яны будуць спрабаваць, хутчэй, узяўшы нашы прапановы, прасоўваць іх далей. І калі Ленарчыч быў у Менску, мы гаварылі яму, што нашы прапановы былі аддадзеныя ў Бюро. Аддадзеныя праз менскі офіс АБСЭ, які ачольвае спадар Шміт”.
Экспэрт у галіне выбарчага заканадаўства Сяргей Альфер лічыць: дыялёг, у якім не ўдзельнічаюць наўпрост многія палітычныя сілы Беларусі, атрымаецца ўрэзаным:
“Ёсьць пэўнае меркаваньне, што ў рамках і такога вызначэньня новага выбарчага заканадаўства, дакладней, некаторых артыкулаў, у іх будзе нешта трошачкі зьменена. Гэта як раз тая сытуацыя,.калі АБСЭ магчыма будзе задаволеным чыста касмэтычнымі зьменамі ў выбарчым заканадаўстве. Але ці пойдзе гэта на карысьць дэмакратыі ў Беларусі, ці не, сказаць нельга. Таму, што калі нейкія суб’екты выключаныя з працэсу абмеркаваньня выбарчага заканадаўства, то заўжды атрымлівацца, што менавіта яны і будуць найбольш ушчэмленыя”.
Удасканаленьне выбарчага заканадаўства прыцягнула ўвагу і грамадзка-кансультатыўнай рады, якую ачольвае Ўладзімер Макей. У красавіку яна зьбіраецца разгледзець гэту праблему.
Найбольш крытыкі выклікаюць такія рысы выбараў па-беларуску як няроўныя магчымасьці ўладных і апазыцыйных кандыдатаў, адсутнасьць няўрадавага боку ў выбарчых камісіях, вялікі працэнт датэрміновага галасаваньня.