Салігорская пракуратура адмовіла студэнту ў разглядзе скаргі на дырэктара тэхнікума
Студэнт Салігорскага эканамічнага тэхнікума Ілля Кавалей атрымаў адказ з Салігорскай пракуратуры, куды ён скардзіўся на супрацьпраўныя дзеянні кіраўніка сваёй навучальнай установы.
Нагадаем, што 12 студзеня Кавалей Ілля падаў заяву ў гарвыканкам на правядзенне пікету з мэтай выказаць незадаволенасць правядзеннем эканамічнай палітыкі дзяржавай. Як паведамляў сайт САЛІГОРСК.org, у гэты ж дзень Ілля быў выкліканы на размову да дырэктара тэхнікума Трухановіча Л. М., які прапанаваў студэнту напісаць заяву аб зыходзе з тэхнікума па ўласным жаданні, інакш ён будзе выключаны.
Як сцвярджаюць маладафронтаўцы, у іх ёсць стэнаграмы і аўдыёзапісы гутаркі студэнта з дырэктарам, якія зяўляюцца неаспрэчным фактам незаконных дзеянняў кіраўніка Салігорскага эканамічнага тэхнікуму.
Ілля Кавалей напісаў скаргу ў пракуратуру, у якой адзначыў, што такія паводзіны дырэктара тэхнікума Трухановіча Л. М. з'яўляюцца грубым парушэннем правоў, а пагрозы з'яўляюцца рэальнымі і з'яўляюцца незаконным пераследам за грамадзянскую пазіцыю і выказванне свайго меркавання.
У адказе з пракуратуры сцвярджаецца, што "факты, выкладзеныя ў звароце, не знайшлі неабходнага пацверджання. Відавочцаў размовы з дырэктарам Трухановічам Л.М. не было", паведамляе САЛІГОРСК.org.
Ілля Кавалей плануе звярнуцца ў абласную пракуратуру.