viasna on patreon

Жанна Літвіна: «Застаюцца нявырашанымі ключавыя пытанні, звязаныя з дзейнасцю журналістаў»

2009 2009-02-10T15:50:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

«Мы лічым, што закон “Аб СМІ“, які ўступіў у сілу з 8 лютага, абмяжоўвае свабоду сродкаў масавай інфармацыі яшчэ больш у параўнанні з тым заканадаўствам, якое дзейнічала да сённяшняга дня», — заявіў намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец на прэс-канферэнцыі 9 лютага.

 

 Юрыст пералічыў палажэнні закона, якія найбольш непакояць спецыялістаў БАЖ. Напрыклад, цяпер падста­вай для закрыцця СМІ могуць стаць два папярэджанні па любым артыкуле закона, у той час як раней — толькі па артыкуле 5-м). Паводле новага закона, рэдакцыя нясе адказнасць нават за тыя матэрыялы, якія яна перадрукавала з іншага СМІ (раней такая адказнасць здымалася). (Некаторыя іншыя п­ерасцярогі адносна палажэнняў закона юрысты выказалі раней ў адмысловым Паведамленні для журналістаў)

 

 Андрэй Бастунец нагадаў, якія крокі ўладаў БАЖ лічыў бы індыкатарамі гатовасці дзяржавы да паляпшэння сітуацыі ў сферы СМІ:

 

— вяртанне ў дзяржаўныя сістэмы распаўсюду і беларускія друкарні ўсіх недзяржаўных СМІ;

— заяўны характар перарэгістрацыі СМІ;

— добраахвотны парадак рэгістрацыі інтэрнет-выданняў;

— адкрыццё прадстаўніцтва тэлеканала «Белсат» у Беларусі і акрэдытацыя карэспандэнтаў замежных СМІ.

 

«Сёння мы з задавальненнем канстатуем, што 2 з гэтых пунктаў выканана — гэта заяўны характар перарэгістрацыі СМІ і адсутнасць рэгістрацыі інтэрнет-выданняў. Можна сказаць, што 2 невялікіх крокі ў правільным накірунку зробленыя», — адзначыў Андрэй Бастунец.

 

«Зараз адбываюцца вельмі цікавыя і знакавыя падзеі, — зазначыла на прэс-канферэнцыі старшыня ГА “БАЖ“ Жанна Літвіна. — Вяртанне ў сістэмы распаўсюду “Нашай Нівы“ і “Народнай волі“; правядзенне круглых сталоў з удзелам усіх зацікаўленых бакоў (на тэмы Інтэрнет і заканадаўства аб СМІ); прыпыненне распрацоўкі праекта пастановы аб рэгуляванні інтэрнет-рэсурсаў; увядзенне заяўнага прынцыпу перарэгістрацыі СМІ — усё гэта можна разглядаць як дэманстрацыю руху насустрач выкананню рэкамендацый Еўразвязу і змяненню палітыкі татальнага кантролю над інфармацыйнай прасторай».

 

Тым не менш, застаюцца нявырашанымі ключавыя пытанні, звязаныя з дзейнасцю журналістаў у Беларусі, — лічыць старшыня БАЖ. «Па-ранейшаму існуе манаполія выканаўчай улады на друкаваныя і электронныя СМІ, на сістэмы распаўсюду і друку, улада дагэтуль успрымае СМІ як частку кіруючага механізму, якая мусіць выконваць прапагандысцкую функцыю», — канстатавала старшыня БАЖ.

 

«У нашай арганізацыі сёння абсалютна дакладная і ўсвядомленая пазіцыя, — падкрэсліла Жанна Літвіна. — Прымаючы запрашэнне да ўдзелу­ ў працы грамадскай каардынацыйнай рады па СМІ, мы сфармавалі сістэму прыярытэтаў, якія будзем паслядоўна адстойваць:

— Роўныя эканамічныя ўмовы для дзейнасці СМІ рознай формы ўласнасці;

— Доступ да інфармацыі і заяўны прынцып акрэдытацыі карэспандэнтаў замежных СМІ;

— Прывядзенне заканадаўства ў ад­паведнасць з міжнароднымі нормамі».

 

Першае пасяджэнне грамадскай каардынацыйнай рады, па інфармацыі Жанны Літвіной, мае адбыцца найбліжэйшым часам. Старшыня БАЖ звярнулася ад арганізатараў з прапановай зладзіць пасля першай жа сустрэчы брыфінг для прэсы.

 

«Нам як ніколі патрэбная карпаратыўная кансалідацыя і ўзаемаразуменне. Прашу вас як мага шырэй асвятляць тэмы, звязаныя з праблемамі свабодай слова ў нашай краіне», — звярнулася да прысутных журналістаў Жанна Літвіна.  

           

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства