Адбыўся суд над Дашкевічам і Дземідзенкам
Міколу Дземідзенку суд аштрафаваў на 35 базавых велічыняў – гэта 1 мільён 225 тысячаў рублёў. Зьмітра Дашкевіча – на 40 базавых, 1 400 тысячаў рублёў
Справы разглядаў суд Ленінскага раёну Менску.
Паводле міліцэйскіх пратаколаў, лідэра незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Дашкевіча і актывіста МФ Міколу Дземідзенку вінавацілі ў тым, што яны ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным пікеце.
12 лютага каля двух дзесяткаў актывістаў МФ правялі пікет ля будынку сьледчага ізалятара на вуліцы Валадарскага. Акцыя ладзілася на знак салідарнасьці з затрыманымі раней былымі палітвязьнямі Мікалаем Аўтоховічам, Юрыем Лявонавым, а таксама зь іхным калегам па колішняй працы Ўладзімерам Асіпенкам.
Дашкевіча і Дземідзенку затрымалі праз паўтары гадзіны пасьля сканчэньня акцыі. У іх знайшлі налепкі з заклікам удзельнічаць у сьвяткаваньні Дня Сьвятога Валянціна 14 лютага. Хлопцаў пратрымалі ў міліцыі, пасьля складаньня пратаколу, адвезьлі ў турму на вуліцу Акрэсьціна.
Зьміцер Дашкевіч, і Мікола Дземідзенка заявілі, што абвяшчаюць галадоўку на знак пратэсту супраць незаконнага затрыманьня.