viasna on patreon

Разгон “Акцыі любові”

2009 2009-02-16T09:11:21+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/09_front.jpg
Фота БелаПАН

Фота БелаПАН

14 лютага спэцназ міліцыі разагнаў несанкцыянаваную “Акцыю любові”, якую арганізаваў “Малады фронт”.

 

Як паведамляе "Радыё Свабода”, на пачатку акцыі Мікола Дземідзенка адзначыў:

“Я бяру удзел у гэтай акцыі, бо я маладафронтавец. Гэта акцыя дэманструе моладзь, якая гатова ісьці супраць рэжыму нават пры такіх умовах. У нашых актывістаў праводзілі ператрусы, у нас забіралі сьцягі, расьцяжкі, якія мы рыхтавалі да гэтай акцыі. Але мы хочам паказаць, што сёньняшняя моладзь за новую, эўрапейскую Беларусь, з дэмакратычнымі прынцыпамі, без дыктатуры”.

Былы палітвязень Андрэй Кім адзначыў, што ухваляе ідэю любові да Беларусі.

“Я заўсёды ухваляю такія пазытыўныя, добрыя, нацыянальныя акцыі, якія ня маюць ніякіх разбуральных ідэяў, а маюць выключна пазытыўныя, стваральныя ідэі. Гэта вельмі добра”.

Маладафронтаўка Наста Палажанка пракамэнтавала разгон акцыі спэцназам:

“Гэта самая сьвяточная, добрая, яскравая акцыя скончылася проста вельмі брутальным зьбіцьцём моладзі. Улады дэманструюць пры гэтым сваё сапраўднае аблічча. Што яны баяцца “Маладога фронту”. Гэта дэманструе краінам Захаду, што няма ў нас лібэралізацыі і ня будзе, пакуль гэтая самаабвешчаная ўлада будзе заставацца на гэтым месцы. І гэта мужная моладзь, якая ў гэты небясьпечны час усё роўна выйшла даказаць, што мы ёсьць і што мы будзем зьдзяйсьняць свае мэты. Яны брутальным чынам зьбілі, каб запалохаць. Але “Малады фронт” дзейнічае ужо 12-ы год, і мы будзем дамагацца сваёй мэты — адраджэньня незалежнасьці і свабоды нашай краіны. Таму мы будзем выходзіць на такія акцыі нават калі яны будуць завяршацца такім брутальным чынам. “Малады фронт” гэтым не спыніць! Нашы зьбітыя хлапцы ведаюць, дзеля чаго яны тут і што ім трэба прайсьці”.

Па завяршэньні акцыі палітык Мікола Статкевіч заявіў:

“Беларускія улады вельмі баяцца, каб грамадзтва не падумала, што ў нас насамрэч лібэралізацыя і можна спакойна пратэставаць. Спачатку выйсьці на Дзень любові, на Дзень волі, а потым, калі заводы пачнуць выганяць людзей, сабрацца і ста тысячамі пайсьці прасіць працы і грошай ва ўраду. Дык вось — з аднаго боку сыгналы Эўропе, дайце грошай, а то незалежнасьць здадзім Расеі. А з другога боку, кулакі паказваюцца і ўжываюцца супраць простых беларускіх грамадзянаў, каб баяліся, каб разумелі, што гэта ўсё не ўсур’ёз. І што вось грошай выпрасім, крызіс перажывем — і тады мы вам пакажам лібэралізацыю”.

Зьміцер Дашкевіч заявіў, што за ўсе 13 гадоў правядзеньня акцыі на дзень Сьвятога Валянціна — сёньняшняя была самай брутальнай.

“Відавочна, што ім далі загад зьбіваць дзяцей, юнакоў і дзяўчат. Гэта яскравае сьведчаньне таго, наколькі ўлада хоча дэмакратызаваць наша грамадзтва. Такая прыгожая, сьвяточная акцыя такім брутальным чынам разганяецца. Калі гэта адбываецца падчас так званага дыялёгу, лібэралізацыі, можна толькі сабе ўявіць, што будзе рабіць самаабвешчаны дыктатар Беларусі, калі любыя грашова-палітычныя гульні з Захадам скончацца”.

 

Паводле апошняй інфармацыі, Павал Кур’яновіч, Зьміцер Дашкевіч і Мікола Дземідзенка знаходзяцца ў Бараўлянскім абласным шпіталі. Іх аглядаюць мэдыкі. У Паўла Кур’яновіча — гузакі на галаве, разьбітыя вусны. На целе Міколы Дзедзіменкі — шмат гематомаў. Моладзевыя актывісты здымаюць пабоі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства