viasna on patreon

У справе пошуку недакладнасцей у дакумантах "Нашай Вясны" для Мінюста ўсе сродкі прымальныя

2009 2009-02-16T14:56:04+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/list.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міністэрства юстыцыі Беларусі працягвае збор інфармацыі аб  заснавальніках праваабарончага аб’яднаньня “Наша Вясна”. Часам імпэту мінюстаўскіх чыноўнікаў можна пазайздросьціць: наколькі тыя мэтанакіравана і напорыста шукаюць нейкія зачэпкі і недакладнасці, каб годна ў вачах Еўразвязу адмовіць праваабаронцам у рэгістрацыі.

 

Так, 6 лютага чыноўнік Мінюста патэлефанаваў на кватэрны тэлефон па месцы прапіскі аднаго з сузаснавальнікаў праваабарончага аб’яднаньня “Наша Вясна” Ільлі Богдана. Ягоная бабуля паведаміла, што Ілья сапраўды тут прапісаны, аднак пражывае асобна, як дарэчы робяць тысячы маладых людзей.  Не задаволіўшыся падобным адказам, Мінюст спехам накіроўвае на адрас прапіскі афіцыйны ліст, у якім прапануе пісьмова падцвердзіць альбо аспрэчыць інфармацыю аб прапісцы Ільлі Богдана. Пры гэтым, робіць надзвычай шчодры жэст: “адпраўляем Вам таксама канверт для адпраўкі адказу на гэтае запытаньне”.

 

На думку праваабаронцаў, падобныя дзеянні чыноўнікаў цалкам абуральныя і некваліфікаваныя, паколькі  чыноўнік Аляксандр Харытон спрабуе ўдакладніць інфармацыю не ў заяўніка Ільлі Богдана, а ў ягонай бабулі -  састарэлай жанчыны, якая да рэгістрацыі не мае аніякага дачыненьня. Пры гэтым, зыходзячы са зместу ліста, складваецца ўражаньне, што Мінюст стаў займацца аператыўна-вышуковай дзейнасцю, перавысіўшы тым самым свае паўнамоцтвы.

Як паведамлялася раней,  дакументы для рэгістрацыі “Нашай Вясны” даручана рыхтаваць чыноўніку Мінюста Аляксандру Харытону,  які спрычыніўся да масавай ліквідацыі ў Беларусі грамадскіх арганізацый, за што, разам з найбольш адыёзнымі асобамі беларускага дзяржаўнага істэблішменту стаў персонаю “non grata” на тэрыторыі Еўразвязу.

 

Між тым, варта нагадаць, што ў выпадку адмовы ў рэгістрацыі Грамадскага праваабарончага аб’яднаньня “Наша Вясна” па надуманых, неабгрунтаваных прычынах заснавальнікі аб’яднаньня будуць расцэньваць гэта як праяву сістэматычнай дыскрымінацыі па палітычных матывах і негатоўнасць Рэспублікі Беларусь праводзіць сістэмныя змены, скіраваныя на далейшую лібералізацыю ў краіне, у тым ліку ў сферы свабоды асацыяцыяў.

Нагадаем,18 студзеня 2009 года ў Менску каля 70 чалавек з усёй Беларусі правялі свой ўстаноўчы сход і падалі дакументы на рэгістрацыю “Нашай Вясны” ў Мінюст.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства