Стварэнне грамадзка-кансультатыўнай Рады ў Мастах не плануецца
Каардынатар Руху "За Свабоду" па Гарадзенскай вобласці Алесь Зарэмбюк атрымаў адказ ад старшыні Мастоўскага райвыканкаму Аляксея Шафарэвіча, што стварэнне Грамадзка-кансультатыўнай Рады пры райвыканкаме не плануецца.
На мінулым тыдні падобны адказ ад намесьніцы старшыні гарадзенскага гарвыканкаму Ірыны Сенчанкавай атрымаў старшыня гарадзкой суполкі партыі БНФ у Гародні Вадзім Саранчукоў. Такім чынам пацьвярджаецца тэндэнцыя, што на рэгіянальным ўзроўні ўлады не плануюць раіцца ані з палітычнымі партыямі, ані з грамадскімі арганізацыямі.
- Дарэчы, упершыню старшыня Мастоўскага райвыканкаму Аляксей Шафарэвіч адказаў мне па-беларуску, - паведаміў Радыё Рацыя Алесь Зарэмбюк. – Я звяртаўся з прапановай увогуле па ўдасканаленні ўзаемаадносінаў паміж выканаўчай уладай, палітычнымі партыямі, прафсаюзамі і грамадскімі арганнізацыямі. Асноўная мэта – абмеркаванне актуальных праблем развіцця дзяржавы, грамадства і, у прыватнасці, Мастоўскага раёну. Паколькі на самым высокім узроўні было заяўлена пра лібэралізацыю эканомікі і грамадска-палітычнага жыцця, дык самы час было ўладам разам з палітычнымі партыямі і грамадскімі арганізацыяцыямі сесці за стол перамоваў дзеля супольнага вырашэння надзённых праблемаў…
На жаль, паводле Алеся Зарэмбюка, Мастоўскі райвыканкам выказаў незацікаўленасць у канструктыўнай супрацы з грамадскасцю.