У Віцебску з’явіцца лячэбна-працоўны прафілакторый
Гэта – пятая падобная ўстанова ў Беларусі. Там змогуць змясціць каля тысячы хворых. За тры апошнія гады колькасць алкаголікаў у вобласці вырасла ў чатыры разы. Аднак ці вылекуюць іх у ЛПП? Паводле статыстыкі, здаровымі адтуль выходзіць у лепшым выпадку толькі кожны пяты пацыент.
У 2008 годзе ў прафілакторый трапілі 833 ураджэнцы Віцебшчыны, сярод якіх 220 жанчын. Калі параўнаць з паказчыкамі 2005 года (522 чалавекі, сярод якіх 45 жанчын), то можна заўважыць, як расце патрэба ў тым, каб пашыралася сетка такіх устаноў.
Эканамічная логіка тут відавочная: адкрыць ЛПП у Віцебску нашмат танней, чым перавозіць хворых на Гомельшчыну ці Магілёўшчыну.
Мужчынскае аддзяленне ЛПП вырашана адчыніць на вуліцы Гагарына, у былым будынку школы №13, якую летась расфармавалі нібыта з-за таго, што там было дужа мала вучняў. Бацькі і дзеці пратэставалі супраць закрыцця навучальнай установы, але іхныя меркаванні чыноўнікаў не пераканалі – напэўна, патрэба ва ўстанове для алкаголікаў пераважыла.
Пацыентамі такіх ЛПП становяцца тыя, хто цягам года здзейсніў не менш, як тры адміністратыўныя парушэнні ў стане ап`янення. Зборам матэрыялаў дзеля таго, каб адправіць хворага на лячэнне, звычайна займаецца участковы. Канчатковае рашэнне прымае суд.
Дзяржаўныя службоўцы цвердзяць: патэнцыйных пацыентаў ЛПП пабольшала нібыта з тае прычыны, што сталі лепей працаваць суды й міліцыя – маўляў, яны выяўляюць тых алкаголікаў, якія раней заставаліся незаўважанымі. Аднак пабытовыя назіранні сведчаць пра іншае: народ співаецца больш інтэнсіўна, асабліва на вёсцы.
У ЛПП за хворымі назіраюць нарколагі. Аднак, калі верыць дадзеным статыстыкі, толькі 15-20% пацыетаў вылечваюцца. Так што стварэнне новых ЛПП не ёсць сведчаннем таго, што грамадства неўзабаве можа стаць больш сацыяльна здаровым.