viasna on patreon

Дэлегацыя ПАРЕ сустрэлася з журналістамі недзяржаўных СМІ

2009 2009-02-18T13:07:32+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dooc5fk3cfxjj32dvbopjy0j35tp9f-pre.jpg

«Мы на ўласныя вочы хочам пабачыць — гэта „касметычны рамонт“ ці сапраўдная воля ўлады рушыць у бок прагрэсу», — такімі словамі пачаў спецдакладчык Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) па Беларусі Андрэа Рыгоні сваю сустрэчу з журналістамі недзяржаўных СМІ, што адбылася ўвечары 17 лютага.­

 

Як распавяла прэс-службе ГА «БАЖ» Жанна Літвіна, на сустрэчу, акрамя кіраўніцтва БАЖ, былі запрошаныя прадстаўнікі некаторых рэдакцый недзяржаўных СМІ. Еўрапейскіх парламентарыяў цікавіла меркаванне журналістаў па пытанні — ці здольны дыялог дапамагчы змяніць сітуацыю ў Беларусі?

 

«Тыя зрухі, якія мы назіраем у галіне СМІ, не маюць сістэмнага характару, яны не змянілі сітуацыю прынцыпова. Пра гэта мы з калегамі даводзілі дэлегатам ПАРЕ, — пераказала змест размовы Жанна Літвіна. — Выканаўчая ўлада ў Беларусі па-ранейшаму ўтрымлівае манаполію на СМІ. І мы выказалі занепакоенасць тым, што пасля „авансаў“ з боку Еўропы сітуацыя можа вярнуцца назад. Нам вельмі важна, каб пераўтварэнні дайшлі да пэўнай „кропкі невяртання“. Нам патрэбныя прынцыповыя, кардынальныя змяненні ў сферы СМІ».

 

Сябры еўрапейскай дэлегацыі адрэагавалі на нядаўняе выказванне дыктара Беларускага тэлебачання ў праграме навінаў: маўляў, «Беларусь выканала ўсе ўмовы і цяпер можа разлічваць на аднаўленне статусу спецыяльна запрошанай». Па словах дэлегатаў ПАРЕ, рашэнне наконт аднаўлення статусу яшчэ не прынятае, і таму такія заявы заўчасныя.

 

Па словах Андрэа Рыгоні, наогул візіт дэлегацыі ПАРЕ ў Беларусь, які доўжыцца з 16 да 19 лютага, мае праясніць для еўрапейскіх парламентарыяў шэраг пытанняў. У прыватнасці: ці сапраўды ў Беларусі адсутнічаюць палітзняволеныя; ці стала тут больш свабоды выказвання; ці можна пашырыць распаўсюд недзяржаўных газет; ці ёсць воля не падвяргаць кантролю Інтэрнет; ці існуе намер з дапамогай АБСЕ удасканаліць Выбарчы кодэкс; ці спрошчана працэдура рэгістрацыі арганізацый і партый і г.д.

Даклад па выніках візіту ў Беларусь Андрэа Рыгоні мае прадставіць у чэрвені на сесіі ПАРЕ.

 

Ёран Ліндблат (старшыня камітэта ПАРЕ па палітычных пытаннях) адзначыў, што Андрэа Рыгоні, верагодна, ініцыюе аднаўленне статусу Беларусі як спецыяльна запрошанай у ПАРЕ. «Хутчэй за усё, адпаведнае рашэнне будзе прынятае, але кожны год яно будзе пераглядацца наноў», — выказаў меркаванне Ё. Ліндблат.

На пытанне журналістаў, ці будуць улічвацца пры абмеркаванні гэтага пытання рэкамендацыі папярэдняга дакладчыка ПАРЕ па Беларусі Хрыстаса Пургурыдэса, прадстаўнікі дэлегацыі адказалі станоўча. Па іх словах, зараз абмяркоўваецца ідэя ўваходжання у склад дэлегацыі Беларусі ў ПАРЕ як дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, так і апазіцыі.

 

«Візіты прадстаўнікоў еўрапейскіх інстытутаў такога высокага рангу ўсё роўна трэба разглядаць у кантэксце таго, што адбываецца ў краіне — арышту прадпрымальнікаў у Ваўкавыску, жорсткага разгону моладзевай акцыі 14 лютага ў Мінску… 25 лютага адбудзецца чарговы суд па справе аб „экстрэмізме“, ініцыяваны КДБ супраць недзяржаўнага выдання „ARCHE“… Адным словам, вельмі шмат прыкмет таго, што ўсё застаецца па-ранейшаму. І складваецца ўражанне, што ўладзе не вельмі патрэбны дыялог унутры краіны», — рэзюмавала Жанна Літвіна.

­­

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства