Дэлегацыя Еўрапарламента сустрэнецца з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі
20 лютага ў Беларусь прыбыла дэлегацыя Еўрапейскай народнай партыі Еўрапарламента на чале з Крыстаферам Бізлі (Вялікабрытанія). У склад дэлегацыі таксама ўваходзяць еўрадэпутаты Лайма Андрык'ене (Літва), якая выступіла ініцыятарам візіту, Хасе Хаўер Помес Руіс (Іспанія) і Яцэк Пратасевіч (Польшча), кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю.
Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе фракцыі Еўрапейскай народнай партыі Еўрапарламента, у рамках аднадзённага візіту запланаваныя сустрэчы дэпутатаў з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі, палітычных партый і дыпламатычнага корпусу.
Першапачаткова планаваліся таксама перамовы з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым, аднак афіцыйнага пацвярджэння гэтых сустрэч ніводзін з бакоў на гэты час не дае.
Увечары дэпутаты Еўрапарламента правядуць прэс-канферэнцыю, паведамляе БелаПАН.