Аляксандр Мілінкевіч – у падтрымку “Нашай Вясны”
Аляксандр Мілінкевіч, палітык і навуковец, экс-кандыдат у прэзідэнты, лідэр Руху "За Свабоду" выказаў сваё меркаванне наконт сітуацыі вакол праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна”, дакументы для рэгістрацыі якога былі пададзеныя ў Мінюст 26 студзеня 2009 года.
“Наша Вясна” – гэта вядучае беларускае праваабарончае аб’яднанне з выдытнай гісторыяй. Яго заснавальнікі займаюцца многімі накірункамі праваабарончай дзейнасці - і маніторынгам сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, і аказаннем канкрэтнай дапамогі арганізацыям і людзям. І я лічу, што вельмі важна, каб гэтае аб’яднанне было зарэгістраванае.
Рэспубліка Беларусь дэкларуе, што пачынае шырокае супрацоўніцтва з Еўразвязам і праблема абароны правоў чалавека тут адна з самых галоўных.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” – гэта арганізацыя, якую ведаюць не толькі на Беларусі, але і ва ўсім свеце, без перабольшвання. І я лічу, што вельмі важна паказаць, што ў нас аднаўляецца рэгістрацыя грамадскіх аб’яднанняў і рэалізуецца права людзей на свабоду асацыяцый,” – сказаў Аляксандр Мілінкевіч.