У Ельску ўлады сарвалі сход па вылучэньню дэлегатаў
21 жніўня ў Ельску мясцовыя міліцыянты блакавалі дом на вуліцы Калініна, дзе павінен быў адбыцца сход па абраньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў, паведаміла радыё Свабода. Яны спынялі ўсіх, хто падыходзіў да дому. Адключана была тэлефонная сувязь.
На тры гадзіны затрымала міліцыя і кіроўцу прыватнага мікрааўтобуса Уладзімера Шыцікава, які прывёз у райцэнтр каардынатараў сходаў з Гомеля Уладзімера Кацору і Андрэя Толчына. За імі вялося вонкавае назіраньне. Маёр міліцыі Аляксей Шаўчук спрабаваў затрымаць спадароў Кацору і Толчына на рынку ў кавярні, дзе тыя спыніліся папіць мінеральнай вады. Ахоўнік патлумачыў, што ў міліцыі выклікаюць падазрэньні ўсе новыя людзі, што прыязджаюць у Ельск. Але паколькі ў актывістаў былі з сабою пашпарты, то прычапіцца маёру больш не было да чаго.
Сход у Ельску па абраньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў не адбыўся.