У Брусэлі абмяркуюць Беларусь
У Брусэлі па ініцыятыве Эўрапейкай народнай партыі і Партыі эўрапейскіх сацыялістаў пройдзе дыскусія “Праз шэсьць месяцаў: якія посьпехі і праблемы чакаюць Беларусь і ЭЗ”.
На ёй будуць абмяркоўвацца стасункі Эўразьвязу і Беларусі, а таксама дэмакратычныя рэформы. Удзел у дыскусіі возьмуць парлямэнтары, прадстаўнкі Рады ЭЗ і Эўракамісіі, а таксама прадстаўнікі няўрадавых арганізацый і праваабаронцы зь Беларусі. Сярод іх Жана Літвіна, Алесь Бяляцкі, Алег Гулак і Сяргей Мацкевіч.
Чакаецца, што з восені ў пасяджэньнях Эўрапарлямэнту будуць браць удзел прадстаўнікі беларускай апазыцыі. Эўрапарлямэнт новага скліканьня мае намер запрасіць прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі для ўдзелу ў паседжаньнях па Эўрапейскім усходнім партнэрстве – Euronest (European Neighbourhood East). Паводле старшыні па замежных справах Эўрапарлямэнту Яцэка Сарыюша-Вольскага, у Euronest увойдуць 60 эўрапарлямэнтароў і 60 дэпутатаў ад Азэрбайджана, Армэніі, Грузіі, Малдовы, Украіны і Беларусі. Аднак Эўрапарлямэнт не прызнае легітымнасьці цяперашняй Палаты прадстаўнікоў.
Для ацэнкі сытуацыі з правамі чалавека ў красавіку дэлегацыя Эўрапарлямэнту зьбіраецца прыехаць у Менск і сустрэцца зь кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам, кіраўніком яго адміністрацыі Ўладзімерам Макеям, міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым, а таксама з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі.
Беларуская дэлегацыя ўжо знаходзіцца ў Бэльгіі. Праваабаронца Алесь Бяляцкі патлумачыў мэты канфэрэнцыі:
“Асноўная мэта – гэта ацэнка сытуацыі за апошнія два месяцы ў сфэры дэмакратызацыі і правоў чалавека ў Беларусі, у які бок зараз гэта ўсё ідзе. Намаганьнямі некалькіх няўрадавых арганізацый падрыхтаваны агульны даклад, які закранае сытуацыю з мэдыямі, правам на асацыяцыі, сходы і мітынгі. Мы будзем абмяркоўваць, што адбылося за гэтыя два месяцы і куды гэта ўсё ідзе, што трэба зрабіць, якія ёсьць крытэры ацэнкі станоўчых зрухаў і насамрэч ці яны адбываюцца. Гэта прамежкавая канфэрэнцыя, улічваючы што рашэньне па Беларусі будзе прымацца ў сярэдзіне красавіка”.
Нагадаем, у кастрычніку мінулага года рада Эўразьвязу прыпыніла на паўгода візавыя санкцыі адносна Аляксандра Лукашэнкі і шэрагу чыноўнікаў. Паўгадавы тэрмін, за які афіцыйны Менск павінен зрабіць крокі па дэмакратызацыі Беларусі, завяршаецца ў красавіку.