Цэнтр падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятыў усё ж зарэгістравалі
Міністэрства юстыцыі вырашыла прызнаць сапраўднасць подпісаў заснавальнікаў арганізацыі і адмовілася ад дадатковай графалагічнай экспертызы.
Пасля паседжання Вярхоўнага Суда, на якім прадстаўнік Мінюста Валер Зінкевіч патрабаваў правесці паўторную экспертызу подпісаў заснавальнікаў ЦПЧІ і суддзя з гэтым пагадзіўся, адбылося нечаканае: увечары таго ж самага дня актывісту Руху "За Свабоду", намесніку старшыні Цэнтра падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятыў Юрасю Меляшкевічу патэлефанаваў кіраўнік Упраўлення грамадскіх аб'яднанняў Мінюста Алег Сліжэўскі і запрасіў яго на сустрэчу з намеснікам міністра.
2 сакавіка Мінюст запрасіў план дзейнасці ЦПЧІ на 2009 год і праз некаторы час паведаміў пра прыняцце рашэння аб яго рэгістрацыі.
− Мы гэтага рашэння Міністэрства юстыцыі чакалі амаль год, тройчы праводзілі канферэнцыю. Мінюст увесь час знаходзіў памылкі, недахопы. Потым адмовілі ў рэгістрацыі на падставе, што подпісы нібыта падробленыя. Вярхоўны суд разглядаў скаргу амаль паўгода. Людзі падцвердзілі свае подпісы, але суд прызначаў экспертызы... Тое, што здаровы сэнс перамог, на маю думку звязана з курсам на лібералізацыю, які праводзіцца пад ціскам Еўропы. Цэнтр падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятыў накіраваны на абарону інтарэсаў усіх грамадзян Беларусі. Радыяцыя не выбірае, чыноўнік ты, альбо апазіцыянер – уздзейнічае аднолькава, – кажа старшыня ЦПЧІ прафесар Іван Нікітчанка.
– Такое рашэнне нас задавальняе. Лічу, што Мінюст паступіў абсалютна правільна і ў адпаведнасці з літарай Закона. Крыху здзіўляе хіба што нечаканасць такога рашэння, але ў рэчышчы абвешчанай лібералізацыі гэта цалкам лагічна. Да таго ж у Бруселі зараз праводзіцца канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў беларускай супольнасці, якая прысвечана маніторынгу працэсу лібералізацыі ў Беларусі за паўгадавы перыяд. На канферэнцыі будзе агучана інфармацыя па сітуацыі з грамадзянскімі свабодамі ў Беларусі, у тым ліку з сітуацыяй вакол рэгістрацыі недзяржаўных арганізацыяў, − каментуе рашэнне чыноўнікаў Юрась Меляшкевіч.
Намеснік старшыні Цэнтра падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятыў выказвае падзяку Фонду падтрымкі развіцця прававых тэхналогіяў (у прыватнасці Вользе Смалянцы) і Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый (Юрыю Чавусаву).