viasna on patreon

З брата Сяргея Скрабца ўзялі падпіску аб нявыезьдзе

2005 2005-08-26T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

25 жніўня Аляксандр Скрабец -- малодшы брат былога дэпутата і кіраўніка дэпутацкай групы "Рэспубліка", апазыцыйнага палітыка Сяргея Скрабца -- быў выкліканы ў рэспубліканскую пракуратуру. Там у яго ўзялі падпіску аб нявыезьдзе.

Аляксандр Скрабец лічыцца саўдзельнікам справаў свайго старэйшага брата. Як і былога дэпутата, яго абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу. Перадусім, сьледзтва лічыць абодвух братоў вінаватымі ў выманьваньні крэдытаў у дзяржавы. 25 жніўня ў пракуратуры Скрабцу-малодшаму паведамілі, што такім чынам яны нанесьлі шкоду дзяржаве ў памеры 498 тысячаў даляраў. Акрамя таго, абодва браты абвінавачваюцца ў падбухторваньні знаёмага, каб той даў хабар дзяржаўнаму абвінаваўцу і судзьдзі Берасьцейскага абласнога суду ў памеры 30 тысячаў даляраў.

Аляксандр Скрабец у траўні на працягу амаль тыдня знаходзіўся ў Берасьцейскім сьледчым ізалятары часовага ўтрыманьня. Аднак яго адпусьцілі на волю пасьля таго як ён паабяцаў зьяўляцца, калі гэта запатрабуе сьледзтва. Паводле Скрабца-малодшага, на працягу трох месяцаў яго ўжо неаднойчы выклікалі на допыты, і кожны раз ён своечасова наведваў пракуратуру.

Сам Сяргей Скрабец, які цяпер знаходзіцца на абсьледаваньні ў турэмным шпіталі ў Менску, абвінавачваньні абвяргае. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што крэдыты браліся ў банку ўжо пасьля таго, як яго абралі дэпутатам. І таму, згодна з Законам аб статусе дэпутата, ён раней спыніў прадпрымальніцкую дзейнасьць. Абвінавачваньні на свой адрас экс-парлямэнтар ацэньвае, як помсту за палітычную дзейнасьць. Менавіта таму ён катэгарычна адмаўляецца даваць любыя паказаньні, паведамляе "Радыё Свабода"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства