viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: “Кожны чалавек індывідуальна альбо ў групе мае права абараняць правы чалавека.”

2009 2009-03-13T18:04:33+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stefanovic.jpg

Праваабаронца Валянцін СТЭФАНОВІЧ распавядае карэспандэнту Euramost.org, як складаюцца ўзаемаадносіны беларускіх праваабаронцаў паміж сабой і з уладай, а таксама -- чаму ён не верыць у так званую "лібералізацыю".

- Зараз у грамадстве пайшла дыскусія з нагоды таго: каго ж у нас лічыць праваабаронцам?
- Існуе Дэкларацыя, прынятая Генеральнай Асамблеяй ААН, якая прадпісвае дзяржавам падтрымліваць і заахвочваць абарону правоў грамадзян у краіне. Дык там ясна вызначаецца, што кожны чалавек індывідуальна альбо ў групе мае права абараняць правы чалавека. Таму, адпаведна, калі хтосьці гэта робіць у індывідуальнай якасці, то, натуральна, яго трэба лічыць праваабаронцам. Калі чалавек працуе ў групе, то ён дзейнічае ў межах праваабарончай арганізацыі. Не бачу тут ніякіх супярэчанняў. Галоўны чыннік праваабаронцы - гэта тое, што ён абараняе правы іншых.

- Наколькі, на ваш погляд, сёння ў Беларусі моцны праваабарончы рух?
- Досыць моцны, таму што ёсць шэраг праваабарончых арганізацыі і людзей, якія самі гэтай дзейнасцю займаюцца. Мне падаецца, што ў гэтым плане ў нас усё нармальна.

- Праваабаронца Алена Танкачова кажа, што, між іншым, у гэтай сістэме шмат слабых бакоў, а вось да абмеркавання гэтых самых бакоў праваабарончыя арганізацыі слаба далучаюцца. Чаму?
- Мы робім сваю справу, і, калі хтосьці лічыць, што не так як трэба, то няхай застаецца пры сваім. Калі нехта нешта хоча абмяркоўваць і ўступаць у дыскусіі – калі ласка. А ў нас і так хапае працы. Мы кааперуемся з іншымі праваабарончымі арганізацыямі, шмат чаго робім разам. З БХК і на выбарах назіралі, і агульныя праграмы ажыццяўляем… Я не кажу, што ў нас няма слабых бакоў, але ж мы не сядзім на месцы. Працы хапае.

- Адным са слабых бакоў называецца малы ўплыў праваабаронцаў на дзяржаўныя органы…
- А я не ведаю, як яго ўзмацніць. Яскравы прыклад – апошняя адмова ў рэгістрацыі “Вясны”. Дык што нам трэба зрабіць, каб Міністэрства юстыцыі нас зарэгістравала? Мы, натуральна, будзем падаваць дакументу і ў трэці раз, але няма гарантыі, што нас зарэгіструюць і тады. Уплыў на дзяржаўныя органы, як мне падаецца, можа быць толькі шляхам моцнай інфармацыйнай кампаніі па некаторых канкрэтных праблемах, а таксама пад уздзеяннем міжнароднай супольнасці. Зараз старшыня БХК Алег Гулак уваходзіць у савет пры Адміністрацыі прэзідэнта, можа там будзе нейкі ўплыў, хоць на гэта малыя спадзяванні. Сёння мы маем тое, што маем.

- Улада адных рэгіструе, другім адмаўляе. Адмаўляе тым, хто небяспечны?
- Відаць, што так, бо рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі нам – абсалютна палітычнае. І хачу сказаць, што ўлада пакуль не падрыхтавана да нейкай поўнай дэмакратызацыі. Яна дазваляе сабе лібералізавацца роўна настолькі, наколькі ёй неабходна, каб кантраляваць сітуацыю.

- Да часу заўсёды трэба прыстасоўвацца, а, суадносна, змяняць і фармат працы. Што, на ваш погляд, трэба змяніць праваабаронцам у сваёй дзейнасці?
- Мы, натуральна, рэагуем на змены сітуацыі. Але лягчэй працаваць не стала. Працягваюцца дагляды на мяжы, дзяржаўныя органы на кантакт не ідуць… На сустрэчах з еўрапалітыкамі мы даводзім гэтыя факты, аднак рэакцыя нейкая дзіўная. Калі б нармальна рэагавалі, то ўлады б так не дзейнічалі б.

- Ці зменіцца сітуацыя ў лепшы бок?
- Цяжка сказаць. Бо сам дыялог, безумоўна, патрэбен, але хацелася б, каб ад яго было больш карысці. Натуральна, што за апошнія тры гады сітуацыя крыху палепшылася. У мінулым годзе людзей то выпускалі з турмаў, то ізноў саджалі… А што будзе далей? Думаю, што найперш умовы будзе дыктаваць эканоміка. Таму што рашэнні ўрадам прымаюцца праз прызму менавіта эканомікі. Дзесяць гадоў назад, калі мы сядзелі на дармавой расійскай нафце і энергетыцы, Беларусь нават не прыслухоўвалася да парадаў Еўропы. А як прыціснула, то адразу ж пабеглі туды. Зараз сітуацыя змянілася.

- Хутка пачынаецца новая прэзідэнцкая кампанія. Для праваабаронцаў ізноў наступае “гарачая пара”?
- Кожныя выбары абвастраюць сітуацыю, і заўсёды ёсць факты парушэння правоў чалавека. Кагосьці затрымліваюць, кагосьць звальняюць з працы, як гэта было з кабрынскім кандыдатам у дэпутаты Аляксандрам Мехам. Хоць парламецкія выбары не ідуць ні ў якое параўнанне з прэзідэнцкай кампаніяй. Падчас якой можна чакаць чаго заўгодна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства