Прэм’ер-міністр зямлі Брандэнбург спадзяецца на паляпшэнне ўмоваў працы СМІ ў Беларусі
Прэм’ер-міністр федэральнай зямлі Брандэнбург Маціяс Плацэк лічыць праблемы з дзейнасцю СМІ ў Беларусі аднымі з самых істотных для нашага грамадства. Пра гэта сп. Плацэк заявіў на прэс-канферэнцыі, якая адбылася ў панядзелак у Мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Яханеса Раў.
«Я інакш уяўляю сабе шматпартыйную дэмакратыю, чым тая, што існуе ў Беларусі. Што тычыцца СМІ, можна адзначыць пэўны прагрэс у параўнанні з сітуацыяй двухгадовай даўніны. Але гэта не той узровень дэмакратыі, які я мог бы сабе пажадаць, — зазначыў Маціяс Плацэк. — Абодва гэтыя чыннікі дастаткова моцна ўплываюць і на правядзенне выбараў. Калі партыі не могуць разгарнуцца, калі медыйная супольнасць мае абмежаваную прастору для дзейнасці, то і выбары, натуральна, не могуць адбывацца свабодна, пра што пасля мінулай парламенцкай кампаніі адкрыта заявіла АБСЕ. Але і ў гэтай галіне ідзе пэўнае набліжэнне да еўрапейскіх каштоўнасцяў, і гэта таксама варта адзначыць».
Нямецкі палітык заявіў, што збіраецца наведаць Беларусь зноў, і выказаў спадзяванне, што да яго новага прыезду сітуацыя са свабодай масмедыя істотна палепшыцца. На яго думку, гэтаму мусіць паспрыяць удзел Беларусі ў праграме Еўразвязу «Усходняе партнёрства».
Прэм’ер Брандэнбургу разам з прадпрымальнікамі гэтай зямлі знаходзяцца з візітам у Беларусі 5–7 красавіка.