Прадпрымальнікі Полацку выступілі супраць пабораў
Прадпрымальнікі цэнтральнага рынку Полацку вырашылі не плаціць грошы на разьвіцьцё рынку, як гэта патрабуе адміністрацыя.
Штогадовыя выплаты гандляры называюць незаконнымі паборамі і сёлета адмаўляюцца выдаткоўваць сродкі. Супраць націску з боку адміністрацыяў рынкаў выступаюць таксама прадпрымальнікі і ў іншых гарадах Беларусі.
На “Полацкім калгасным рынку” працуюць каля 800 чалавек. Кожны зь іх штогод выплачваў у якасьці дапамогі на ўпарадкаваньне рынку па 500-600 тысяч рублёў. Сёлета гандляры адмовіліся гэта рабіць, і тады адміністрацыя ад пагрозаў і патрабаваньняў перайшла на ўгаворы, кажа старшыня Наваполацкага прафсаюзу прадпрымальнікаў Валеры Шаўчэнка:
“У гэтым выпадку мы не адмовіліся, але даслалі дэлегацыю. І там дамовіліся, што будзем плаціць па 60 тысяч ад гандляра, які працуе на вуліцы. І па 140 тысяч ад прадпрымальнікаў, якія працуюць у ралетах. Але ня ўсе прадпрымальнікі з гэтым згадзіліся”.
Значная іх частка сапраўды адмаўляецца плаціць. І зараз адміністрацыя рынку прыкладае намаганьні, каб атрымаць, нібыта, добраахвотныя ахвяраваньні. Чым гэтае супрацьстаяньне чыноўнікаў і гандляроў завершыцца, пакуль невядома, кажа спадар Шаўчэнка.
А вось прадпрымальнікі Салігорску дамагліся адмены падвышэньня тарыфаў арэнднай платы і нават дамагліся праверкі мэтавага выкарыстаньня сродкаў адміністрацыяй рынку. Яе праводзіць абласная управа Дзяржкантролю, паведаміла адна з актывістак ініцыятыўнай групы Тацяна Кучынская:
“Мы вельмі доўга дамагаліся гэтай праверкі, пісалі ва ўсе інстанцыі. Мы даказалі, што гэтыя грошы на нас павесілі незаконна і зараз будзе дакладна вядома – кралі ў нас грошы ці не. Пасьля праверкі нам назавуць дакладную суму арэнднай платы, каб плаціць дакладна і абгрунтавана. Канечне, большасьць прадпрымальнікаў нас падтрымліваюць – усе ж хочуць меншую арэнду плаціць. Але ніхто ня верыць, што ў змаганьні з уладамі чагосьці можна дамагчыся”.
Насуперак такому меркаваньню прадпрымальнікі рынку “Ждановічы” ў Менску дамагліся зьніжэньня арэнднай платы на 20% у сакавіку, а зараз і ў красавіку. Аднак якім памер аплаты будзе надалей, як складзецца заўтра супрацоўніцтва з адміністрацыяй рынку, пакуль не вядома. Чыноўнікі ўхіляюцца ад перамоваў, а прадпрымальнікі яшчэ ня настроеныя рашуча бараніць свае правы, кажа сябра рады рынку Аляксандр Таўстыка:
“Людзі падыходзяць і пачынаюць абмяркоўваць усю гэтую сытуацыю пасьля таго, як яны гэтую арэнду ўжо выплацілі. Нейкімі радыкальнымі дзеяньнямі выказаць сваё супрацьстаяньне, да той жа адміністрацыі прыйсьці масава, яны таксама яшчэ не гатовыя. Ужо зьбіраюцца на абмеркаваньні ні пяць, ні дзесяць чалавек, а ўжо да сотні. Але ж мы ня лічым, што гэта той паказчык, які можа на нешта паўплываць. І эканамічныя, і сацыяльныя ўмовы, што адбываюцца зараз у нашай краіне, павінны гэта ўсё зрушыць”.