viasna on patreon

Пад патранажам міліцыі 150 алкаголікаў добраахвотна пайшлі на кадзіраваньне? У “добраахвотнасьць” вераць далёка ня ўсе

2009 2009-04-15T16:24:13+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/alkahalizm1.jpg

Бясплатнай кадзіроўкай займаўся псыхатэрапэўт спадар Сайкоў. Хоць звычайна ён бярэ за тую працэдуру ад кожнага пацыента па 200 тысяч рублёў.

 

Па дамове зь міліцыяй адмысловыя сеансы прайшлі ў райцэнтры Паставы і ў пасёлку Ноўка пад Віцебскам, куды міліцыянты даставілі п’яніц яшчэ з чатырох бліжэйшых раёнаў.

 

Іншыя калегі спадара Сайкова ад удзелу ў міліцэйскай акцыі дружна адмовіліся. Чаму? Шкада страты патэнцыйнага заробку ці нечага іншага?

 

Бясплатнае кадзіраваньне ад злоўжываньне алькаголем – гэта чарговая акцыя віцебскіх міліцыянтаў. Далучыцца да яе супрацоўнікі запрасілі некалькі дактароў-псыхатэрапеўтаў, якія займаюцца лячэньнем ад алькагалізму. Доктар Дзьмітрый Сайкоў (ён практыкуе кадзіраваньне як сродак барацьбы з паленьнем, алькагалізмам і залішняй вагой ужо больш за 15 год) стаў адзіным, хто адгукнуўся на гэты заклік.

 

Звычайна за прыём у доктара Сайкова даводзіцца плаціць: лекцыя, прагляд адмысловага відэафільма і ўласна сеанс кадзіраваньня каштуюць 200 тысяч рублёў. Аднак алькаголікі Віцебшчыны сталіся выключэньнем – адзінай умовай было толькі добраахвотнае жаданьне пазбавіцца ад заганнай залежнасьці.

 

У размове з журналістамі Дзьмітрый Сайкоў зазначыў, што добра разумее сытуацыю ў сем’ях, дзе жывуць п’яніцы: там часам няма грошай нават на ежу, ня тое што на аплату ягоных паслуг.

 

Між тым бальшыня пацыентаў, якіх сабралі ў Пастаўскім доме культуры і ў доме культуры пасёлка Ноўка, – мужчыны і жанчыны працаздольнага ўзросту, якія яшчэ маюць жыцьцёвыя пэрспэктывы. Таму правядзеньне дабрачыннага кадзіраваньня мэдык лічыць сваім грамадзкім абавязкам. Але гвалтам людзей заганяць на сеансы ён ня хоча. І калі пасьля лекцыі ды прагляду відэафільму нехта ўсё ж не адчуе пакуль устойлівага жаданьня спыніць сябе і разьвітацца з алькаголем, то кадзіраваць яго супраць волі ня мае сэнсу.

 

Раней псыхатэрапэўт таксама часам пагаджаўся кадзіраваць ад адлькагольнай залежнасьці бясплатна – у выключных выпадках на просьбу сваякоў хворага. Аднак у такіх буйных маштабах дабрачыннасьцю ён пакуль не займаўся.

 

Супрацоўнікі міліцыі чакаюць станоўчых вынікаў пасьля гэтай акцыі, у тым ліку і паляпшэньня крымінагеннай абстаноўкі – сёньня, паводле статыстыкі, у стане алькогольнага ап’яненьня зьдзяйсьняецца кожнае трэцяе злачынства на Віцебшчыне.

 

Аднак дамагчыся таго, каб чалавек страціў прагу да алькаголю, мала – неабходна, каб ён мог уладкавацца на працу, каб у яго быў добры заробак, каб ён меў дзе жыць – адным словам, каб у яго былі падставы спадзявацца на лепшае, а не “заліваць бяду” гарэлкай ці віном.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства