У Берасці суд пакараў штрафамі ўдзельнікаў акцыі салідарнасці
Суд Ленінскага раёна Берасця пакараў штрафамі затрыманых учора ўдзельнікаў акцыі салідарнасці. Пра гэта паведамілі берасцейскія праваабаронцы Уладзімір Малей і Раман Кісляк.
Суд над моладзевымі актывістамі Яўгенам Скрабцом, Уладзімірам Шэлегам, Наталляй Гагалюк, Кацярынай Ішчык і Іларыёнам Касянчуком распачаўся сёння а 9-ай гадзіне. Маладзёны ў судзе пацвердзілі, што сапраўды ўчора ўвечары сядзелі на прыступках да помніка Леніну з расцяжкай “Свабода палітвязням” з мэтай прыцягнуць увагу грамадскасці да гэтай праблемы, паведаміў праваабаронца Уладзімір Малей.
Суддзя Назарэнка Ларыса Іванаўна вынесла ім абвінавачанне па ч.1 арт. 23.34 КаАП РБ – “парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў”. У выніку судовага рашэння кожнага з актывістаў пакаралі штрафам у памеры дзьвюх базавых велічыняў, што складае 70 тысяч рублёў.
16 красавіка моладзевыя актывісты Яўген Скрабец, Уладзімір Шэлег, Наталля Гагалюк, Кацярына Ішчык і Іларыён Касянчук у 20.40 выйшлі да помніка Леніну з расцяжкай “Свабода палітвязням” і сцягам “Еўрапейскай Беларусі”. Як распавёў праваабаронца Раман Кісляк, ужо праз пяць хвілін да іх падыйшлі супрацоўнікі міліцыі.
Пасля таго, як актывісты адмовіліся пакінуць плошчу, іх даставілі ў Ленінскі РАУС і склалі на іх пратаколы адміністратыўнага правапарушэння. У маладзёнаў правялі дагляд, склалі пратаколы дагляду і знялі на відэа.
Ноч да суду актывісты правялі ў ізалятары часовага ўтрымання.