Астравецкія чыноўнікі не дазваляюць абмяркоўваць АЭС
Астравецкі райвыканкам адмовіў актывістам грамадзянскай ініцыятывы “Астравецкая атамная – гэта злачынства” прадставіць памяшканьне ў мясцовым кінатэатры для абмеркаваньня мэтазгоднасьці будаўніцтва АЭС.
На сход плянавалі запрасіць беларускіх навукоўцаў, а таксама навукоўцаў з Расеі і Літвы, прадстаўнікоў СМІ і органаў мясцовай улады.
Пад заявай паставілі подпісы шэсьць актывістаў, а копіі накіравалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта, Гарадзенскі аблвыканкам і амбасады Расеі й Літвы.
Са слоў Івана Крука, некаторым падпісантам пагражалі з райвыканкаму, маўляў, калі яшчэ паставіш подпіс пад падобнай заяўкай - згубіш працу.
На пачатку месяца актывісты грамадзянскай ініцыятывы накіравалі на адрас старшыні Гарадзенскага аблвыканкама, Адміністрацыі прэзыдэнта скаргу, у якой гаворыцца пра тое, што Астравецкія ўлады ўжо неаднаразова парушалі іх канстытуцыйныя правы.
У прыватнасьці, яны нагадваюць аб неаднаразовай забароне правядзеньня пікетаў і сходаў грамадзян з тым, каб празрыста й усенародна абмеркаваць мэтазгоднасьць будаўніцтва АЭС у іх раёне. Дагэтуль ніякага адказу не атрымалі.