Іван Шыла звярнуўся па дапамогу да міністра адукацыі Польшчы
Намесьнік старшыні Маладога Фронту Іван Шыла зьвярнуўся да Міністра адукацыі Польшчы Катаржыны Халь "з просьбаю знайсьці тэхнічную магчымасьць здаць апошні іспыт па ангельскай мове і атрымаць атэстат аб сярэдняй адукацыі", бо такой магчымасьці яго пазбавілі беларускія ўлады.
У сваім лісьце маладафронтавец адзначае, што летам 2008 году "з палітычных прычынаў быў выключаны са школы напярэдадні апошняга экзамэну". Затым зьвярнуўся ў суд, але ж ня змог знайсьці там праўды з прычыны залежнасьці беларускіх судзьдзяў ад выканаўчай улады.
У лютым Івана Шылу "у парушэньне ўсіх юрыдычных працэдураў і нормаў, гвалтоўным і незаконным чынам забралі ў войска".
Падобныя сытуацыі здарыліся са старшынём Моладзі БНФ Франакам Вячоркам і адным зь лідэраў МФ Зьмітром Хведаруком.
"Цяпер я знаходжуся ў войску, але маю законнае права здаць апошні школьны іспыт, пра што мне і было паведамлена прадстаўнікамі ўладаў пад час прызыву. Калі ж дайшло да справы, дык беларускія Міністэрства абароны і Міністэрства адукацыі пачалі ўхіляцца ад прадстаўленьня мне гэтай цалкам законнай магчымасьці", - піша Шыла ў сваім звароце.
Маладафронтавец нагадвае, што польскі ўрад заўсёды найбольш эфэктыўна падтрымліваў беларускае грамадзтва, узгадвае адукацыйную праграму імя Кастуся Каліноўскага і спадзяецца на падтрымку польскага боку ў гэтым пытаньні.