У Менску - канферэнцыя «Удзел грамадзянскай супольнасці ў ініцыятыве Усходняга партнёрства»
22 красавіка ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Йаханэса Рау адбудзецца канферэнцыя «Удзел грамадзянскай супольнасці ў ініцыятыве Усходняга партнёрства».
Чаму паўстала неабходнасць правядзення канферэнцыі?
Удзел у ініцыятыве Усходняга партнёрства з’яўляецца важным як для ўсёй краіны ў цэлым, так і для грамадзянскай супольнасці Беларусі. Напрыканцы сакавіка Еўрапейская Камісія ў рамках Усходняга партнёрства прапанавала ўсім зацікаўленым бакам абмеркаваць арганізацыю, структуру і функцыі Форума грамадзянскай супольнасці. Асноўнай задачай такога Форума з’яўляецца развіццё кантактаў паміж арганізацыямі і падтрымка іх дыялога з органамі дзяржаўнай улады.
У Еўракамісіі няма гатовых адказаў і мадэляў, таму ўсе актыўныя гульцы з 6 усходніх краін‑суседзяў маюць рэальны шанец паўплываць на канчатковую версію праграмы, падпрацаваўшы яе «пад сябе». Меркаванні і прапановы наконт стварэння Форума грамадзянскай супольнасці павінны быць прадстаўлены Еўрапейскай Камісіі не пазней за 25 красавіка.
Мэты канферэнцыі:
актыўнае далучэнне грамадзянскай супольнасці Беларусі да ініцыятывы Усходняга партнёрства;
стварэнне пляцоўкі для адкрытага дыялога паміж прадстаўнікамі дзяржаўнай улады, Еўрапейскай Камісіі і грамадзянскай супольнасці Беларусі;
прадстаўленне і абмяркаванне ідэй і падыходаў да фармавання і ролі Форума грамадзянскай супольнасці ў рамках Усходняга партнёрства.
Удзельнікі:
Эксперты і лідэры беларускіх грамадскіх аб’яднанняў і іншых недзяржаўных арганізацый, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, Адміністрацыі прэзідэнта РБ, Дэлегацыі Еўрапейскай Камісіі ў Беларусі.