viasna on patreon

Судзяць журналіста Алеся Любенчука

2009 2009-04-21T12:18:31+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Суд над Алесем Любенчуком пачнецца сёння, 21 красавіка, у судзе Першамайскага раёну Менску ў 14.40. Будуць разглядацца два адміністратыўныя пратаколы, складзеныя на незалежнага журналіста супрацоўнікамі міліцыі 16 красавіка пасля заканчэння судовага працэсу па скарзе моладзевага актывіста Змітра Хведарука.

 

16 красавіка Алесь Любянчук у якасці журналіста прысутнічаў у судзе Першамайскага раёна на працэсе па скарзе моладзевага актывіста Змітра Хведарука.

 

Пасля заканчэння судовага паседжання ён браў у З. Хведарука інтэрв’ю. Побач знаходзіліся яшчэ некалькі чалавек, якія прысутнічалі ў судзе – сябры, блізкія Хведарука і журналісты. У гэты момант незнаёмы малады чалавек у цывільным пачаў здымаць іх на аматарскую відэакамеру. На патрабаванне патлумачыць, з якой мэтай гэта робіцца, альбо спыніць здымкі, ён не адрэагаваў.

 

Па словах Любенчука, тады ён узяў сваю відэакамеру і пачаў здымаць незнаёмца.

 

«Той занерваваўся, падбег да нас, пхнуў моцна аб’ектыў відэакамеры і, дастаўшы з кішэні рацыю, нешта па ёй перадаў. Мы пайшлі адтуль, але літаральна праз некалькі хвілін гэты чалавек падышоў да нас у суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі. Міліцыянт па прозвішчы Дзядзейка заявіў, што я затрыманы за парушэнне грамадскага парадку. Я пагадзіўся з імі пайсці, бо міліцыянт папярэдзіў, што ў адваротным выпадку адвядзе мяне сілай», — распавёў у гутарцы з прэс-службай БАЖ А. Любянчук.

 

Міліцыянты правялі асабісты дагляд журналіста і склалі два адміністратыўныя пратаколы. Паводле аднаго, Любенчука вінавацяць у супраціўленні супрацоўнікам міліцыі. Другі пратакол складзены паводле скаргі незнаёмца з відэакамерай, які заявіў, што Алесь Любянчук нібыта крычаў на яго, цягаў за вопратку і штурхнуў яго камеру. (З пратакола стала вядома прозвішча гэтага чалавека — К. Харлан. Міліцыянтам К. Харлан прадстаўляўся як супрацоўнік камітэта дзяржбяспекі).

 

У дзяжурным аддзяленні Першамайскага РУУС А. Любенчука сфатаграфавалі і ўзялі ў яго адбіткі пальцаў. Ноч яго пратрымалі ў пастарунку, а раніцай збіраліся судзіць. Аднак у звязку з тым, што Алесь Любянчук запатрабаваў прысутнасці свайго адваката, разгляд адміністратыўнай справы перанесены на 21 красавіка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства