Алеся Любенчука суд пакараў штрафам
Суд над вольным журналістам, студэнтам Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта Алесем Любенчуком адбываўся ў кабінеце суддзі Юрыя Гарбатоўскага. Таму, хоць працэс і быў адкрытым, але ж трапілі на разгляд справы (а дакладней, адразу дзвюх — парушэнне грамадскага парадку і непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі) не ўсе ахвотныя. Астатнім прысуду давялося чакаць на калідоры.
Чатыры сведкі з боку абвінавачання і тры — з боку абароны досыць хутка абмалявалі карціну здарэння, якое адбылося 16 красавіка ля будынку суда Першамайскага раёна Мінска. Але ж «малюнкі» гэтыя атрымаліся рознымі.
Паводле адной з версій атрымлівалася, што Алесь Любянчук увечары 16 красавіка напаў на чалавека ў цывільным, які здымаў людзей на выхадзе з суда, біў па яго камеры, хапаў за адзенне, а потым яшчэ і аказаў супраціў міліцыянту.
Паводле іншай версіі, гэта невядомы ў цывільным раззлаваўся на Любенчука і адштурхнуў яго, калі журналіст дастаў сваю камеру і пачаў здымаць незнаёмца.
Па словах самога Алеся Любенчука, непавагі да прысутных грамадзян альбо супрацоўнікаў міліцыі ён не выказваў, а ўсяго толькі — у адказ на здымкі незнаёмца — стаў здымаць сам.
Калі сведкі з боку Алеся Любенчука распавядалі адно і тое ж, дадаючы хіба што падрабязнасці, дык сведкі з боку абвінавачання нібыта пабывалі ў чатырох розных месцах.
Невядомы аказаўся «экспертам-крыміналістам» Першамайскага РАУС Кірылам Харланам. У судзе ён патлумачыў, што атрымаў заданне ад кіраўніцтва здымаць гарадскія будынкі, якія, па аператыўнай інфармацыі, нехта размалёўвае. «Выпадкова ў аб’ектыў камеры трапілі і людзі ля суда», — тлумачыў сп. Харлан.
Між тым, некаторыя сведкі бачылі, як ён здымаў суд не толькі звонку, але і ўнутры будынка і да таго ж прадстаўляўся камусьці супрацоўнікам КДБ.
Не падаліся шчырымі і сведчанні дзяўчыны-курсанткі вучэбнага цэнтру МУС, якая «выпадкова» прагульвалася побач з месцам здарэння са сваім хлопцам і заўважыла, як Алесь Любянчук «вроде как» б’е Харлана, хапае яго за куртку і крычыць на «незразумелай» ёй беларускай мове.
Няўпэўнены сябра курсанткі не змог патлумачыць, што ж дакладна ён чуў і бачыў — акрамя таго, што Любянчук не лаяўся і не аказваў супраціву.
Тое, што лаянкі не было, пацвердзіў і міліцыянт, які апынуўся на месцы сваркі ўжо праз некалькі хвілін.
Але, як бы сведкі з боку абвінавачвання ні «дапамагалі» адвакату Алеся Любенчука, у прысутных мацнела ўпэўненасць, што вагі судовых шаляў схіляюцца не на карысць падсуднага. У выніку вольнаму журналісту прысудзілі «мінімальны штраф» у 770 тысяч беларускіх рублёў (22 базавыя велічыні).
Алесь Любянчук збіраецца абскардзіць судовае рашэнне. А таксама даведацца, якім чынам запіс, што падчас інцыдэнту вёў Кірыл Харлан, аказаўся пашкоджаным. Бо менавіта ён мог бы праясніць, «хто першы пачаў».
Паглядзець відэа, якое паспеў зняць Алесь Любянчук, можна тут.