viasna on patreon

Заява Рабочай групы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў адносна магчымага мэханізму ўдзелу грамадзянскай супольнасьці Беларусі ў праекце “Усходняе партнэрства”

2009 2009-04-22T17:23:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мы вітаем новую ініцыятыву Эўразьвязу – "Усходняе партнэрства" – і расцэньваем яе як гістарычны шанец для Беларусі ў справе далучэньня да агульнаэўрапэйскіх працэсаў. Мы перакананыя, што удзел Беларусі ў гэтым праекце мусіць быць пастаўлены ў залежнасьць ад разьвіцьця сытуацыі унутры краіны. У адваротным выпадку "Усходняе партнэрства" будзе адыгрываць ролю сродку кансэрвацыі сёньняшняга становішча ў Беларусі зь нязначнымі касмэтычнымі зьменамі.

 

Наяўная сытуацыя ў Беларусі, на наш погляд, абмяжоўвае ўдзел Рэспублікі Беларусь ў гэтай ініцытыве на палітычным узроўні. Узаемадзеяньне беларускіх уладаў са структурамі "Усходняга партнэрства" мусіць мець, з большага, тэхнічны характар, скіраваны на вырашэньне канкрэтных задачаў, якія  стаяць перад праектам. Абмежаванасьць палітычнага ўзаемадзяньня не павінна шкодзіць рэалізацыі іншых абвешчаных кампанэнтаў праекта.

 

Грамадзянская супольнасьць Беларусі здольная і гатовая выступіць суб'ектам, які дазволіць краіне максымальна скарыстаць патэнцыял "Ўсходняга партнэрства" дзеля станоўчых зьменаў у краіне і прадухіліць яго выкарыстаньне беларускім рэжымам для кансэрвацыі сытуацыі. Прадуктыўны дыялёг, які можа прывесьці да грунтоўных і ўстойлівых зьменаў у Беларусі, павінны ажыцьцяўляцца на ўзроўні камунікацыяў беларускай грамадзянскай супольнасьці і ўладаў пры пасярэдніцтве эўраструктураў.

 

Распрацоўка крытэраў удзелу беларускага боку ва "Ўсходнім партнэрстве", а таксама ацэнка  паляпшэньняў у Беларусі павінныя стаць асноўнымі задачамі для беларускай грамадзянскай супольнасьці. Гэтыя задачы могуць, сярод іншага, быць рэалізаваныя праз наступныя дзеяньні:

 

а) распрацоўка прапановаў да зьменаў і рэформаў у Беларусі;

б) маніторынг зьменаў у краіне адносна гэтых прапановаў;

в) ацэнка набліжэньня беларускай дзяржавы да эўрапейскіх стандартаў;

г) удзел у фармаваньні парадку дня для дзеяньняў эўрапейскіх урадавых і няўрадавых удзельнікаў з мэтай прасоўваньня Беларусі да эўрапейскіх стандартаў ва ўнутранай палітыцы (правы чалавека, сацыяльная абарона, функцыянаваньне судовай сыстэмы, выбары) ня толькі ў межах "Усходняга партнэрства", але і празь іншыя формы беларуска-эўрапейскага ўзаемадзеяньня.

 

Усе эпізоды парушэньня правоў чалавека ды іншыя адступленьні ад эўрапейскіх стандартаў мусяць разглядацца ў кантэксьце ўдзелу Беларусі ва "Ўсходнім партнэрстве". Праваабарончыя арганізацыі, сеткавыя структуры ды іншыя суб'екты грамадзянскай супольнасьці краіны павінны разглядацца легітымным суб’ектам у гэтай справе.

 

Форум грамадзянскай супольнасьці можа быць сродкам уплыву, і ён не павінны стаць толькі шырмай, якая б прыкрывала адсутнасьць прынцыповых зьменаў у Беларусі.

Прапанова пабудаваць працу Форума грамадзянскай супольнасьці у выглядзе рэгулярных канфэрэнцыяў заслугоўвае ўвагі. На наш погляд, прадстаўніцтва беларускіх няўрадавых структураў на гэтым мерапрыемстве павіннае быць як мага шырэйшым, з абавязковым удзелам найбольш значных дэмакратычных арганізацыяў Беларусі. Аднак, вельмі важна, каб у пэрыяд паміж гэтымі канфэрэнцыямі ўплыў грамадзянскай супольнасьці на беларуска-эўрапейскі дыялёг працягваўся. Для гэтага мае сэнс арганізоўваць сталыя нарады лідэраў беларускай грамадзянскай і палітычнай супольнасьці ды прадстаўнікоў дзяржапарату, абавязкова пад эгідай "Усходняга партнэрства" і з удзелам прадстаўнікоў ЭЗ (Эўракамісія і яе структуры ў першую чаргу, а таксама органы, створаныя ў межах іншых кампанэнтаў "Усходняга партнэрства") ды экспэртаў з эўрапейскага боку.

 

Падобны механізм ужо рэалізуецца ў іншых сфэрах беларуска-эўрапейскага дыялёгу (выбарчае заканадаўства, свабода слова) і зьяўляецца больш эфэктыўным, чым пабудова кансультацыйных радаў на нацыянальным узроўні. "Усходняе партнэрства" можа стаць сродкам інстытуцыяналізацыі такога мэханізму і спрыяць яго эфэктыўнасьці.

 

Мы прапануем зьвярнуць увагу на Рэзалюцыю VI Кангрэсу Асамблеі НДА, прынятую 6 сакавіка 2009 г. больш як трымастамі удзельнікамі, якая зьмяшчае ацэнку сытуацыі і пералік першачарговых крокаў у кірунку нармалізацыі становішча структураў грамадзянскай супольнасьці. Заклікаем не губляць увагі да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Правы чалавека ня могуць быць прадметам гандлю ці саступак.

 

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі гатовая прымаць удзел у падрыхтоўцы і правядзеньні Форума грамадзянскай супольнасьці ў межах "Усходняга партнэрства".

 

21.04.2009 г., Менск

 

 

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі – аб'яднаньне 270 грамадзкіх арганізацыяў ды ініцыятываў Беларусі. Існуе з 1997 году. Асноўныя мэты: прасоўваньне і адстойваньне інтарэсаў НДА Беларусі; забесьпячэньне камунікацыі паміж грамадзкімі арганізацыямі; дапамога ў працы НДА; маніторынг, аналіз і ацэнка стану грамадзкага сэктару і прававога становішча. З моманту абвяшчэньня Эўрапарлямэнтам тэставага пэрыяду для беларускіх уладаў вядзе інтэнсыўны маніторынг сытуацыі з правам на асацыяцыю ў Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства