Хацелі пасадзіць на 14 гадоў, а адпусцілі з залы суда
Пракуратура пабудавала доказы на прызнанні, але суддзя даведаўся пра маральны ціск на абвінавачваных
Днямі суд Драгічынскага раёна апраўдаў трох мужчын, якія падазраваліся ў бандыцкім нападзе і нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў пенсіянеру адной з вёсак раёна. Падчас судовага працэсу высветлілася, што доказаў іх віны ў следства няма, прызнанні ў здзяйсненні злачынства атрыманыя з парушэннямі закону, і шэсць месяцаў у СІЗА яны прасядзелі дарэмна.
Суддзя Драгічынскага раённага суда Лявон Станкевіч расказаў Еўрарадыё, што ўжо падчас першых допытаў пацярпелага і падазраваных яму сталі бачныя “нестыкоўкі” ў справе.
Лявон Станкевіч: “Пацярпелы ўказваў, што тых, хто на яго напаў, было трое, аднолькавага росту, размаўлялі на чыстай рускай мове. У дваіх былі шапачкі, насунутыя на вочы, а адзін быў у масцы. Звязвалі яго вяроўкамі. А гэтыя абвінавачаныя ў сваіх прызнаўчых паказаннях напісалі, што ўсе яны былі ў масках, звязвалі пацярпелага скотчам, катавалі яго, збівалі. А пацярпелы кажа, што такога не было — яму проста нанеслі пару ўдараў. Такія супярэчнасці ў дэталях”.
На чысціню мовы суддзя звярнуў асаблівую ўвагу таму, што ўсе абвінавачаныя былі цыганамі і мова іх “чысцінёй” не адрознівалася. Апроч таго, было і шмат іншых парушэнняў.
Лявон Станкевіч: “Падчас затрымання гэтых падазраваных былі парушаныя іх правы на абарону, яны былі ўсе затрыманыя ў розных месцах, а ў пратаколе было запісана, што ўсіх затрымалі ў Драгічыне. Аднаго, напрыклад, даставілі з Маларыты і нідзе гэты факт затрымання не адлюстравалі. Такія парушэнні даволі значныя”.
Паводле слоў суддзі, следчыя занадта паспадзяваліся на наяўнасць прызнання абвінавачаных. Кажа, калі б прааналізавалі даказальную базу і паспрабавалі разабрацца ў неадпаведнасцях паказанняў пацярпелага і “злодзеяў”, то асцерагліся б накіроўваць справу ў суд. Выклікала сумнеў і само тое прызнанне. Падчас суду абвінавачваныя скардзіліся, што іх збівалі. Праўда, пракурорская праверка гэта не пацвердзіла. Але факт псіхалагічнага ўціску ўсё ж быў.
Лявон Станкевіч: “Кажуць, падпісалі прызнанні, што баяліся фізічнага прэсінгу. Апроч таго, у нас у гэты час ішло расследаванне забойстваў састарэлых бабулек. Падазраваныя па той справе былі з адной кампаніі з гэтымі мужчынамі і іх абвінавачвалі ў тым, што яны да тых забойстваў маюць дачыненне. Намякалі, што яны і па той справе пойдуць у якасці саўдзельнікаў. Яны і патлумачылі, што баяліся таго, што іх абвінавацяць у больш сур’ёзным злачынстве”.
Тое, што следчая група слаба “папрацавала” над даказальнай базай і паспяшалася перадаваць справу ў суд, прызнаў і старшы пракурор Драгічынскага раёна Васіль Гарагляд.
Васіль Гарагляд: “Следства крыху сапсавала гэтую справу, вельмі шмат працэсуальных парушэнняў. Калі б нармальненка падышлі да гэтай справы, яна б прайшла праз суд. Але акурат тады гэтыя бабулькі былі, працавала генеральная група, мітусня была — тыя злачынствы раскрываць трэба было, гэтым дапамагаць. Таму следчыя прайшлі па шляху найменшага супраціўлення — прызналіся і прызналіся. А замацаваць, прыбраць супярэчнасці, калі яны ёсць — да гэта паставіліся абыякава”.
Адразу па заканчэнні судовага разбору былых абвінавачваных адпусцілі на свабоду. Суддзя кажа, што калі раптам знойдуцца новыя доказы іх віны, трое цыган ізноў сядуць на лаву падсудных. Але пакуль лічыцца, што 6 месяцаў у СІЗО яны адсядзелі беспадстаўна. Хоць пракурор упэўнены на 100 адсоткаў, што гэта злачынства здзейснілі менавіта гэтыя людзі.
Васіль Гарагляд: “Тое, што гэта яны — такіх сумневаў нават не было. Калі б нармальненька следчыя ўсе доказы замацавалі — ніякі б суд іх не апраўдаў”.
Але суд апраўдаў. І не толькі раённы. Касацыйную скаргу пракуратуры на апраўдальны прысуд, які вынес суддзя Лявон Станкевіч, пакінуў без зменаў і суд абласны.
Як кажа юрыст “Беларускага Хельсінскага камітэта” Гары Паганяйла, выпадкаў, калі людзей затрымліваюць на падставе слабой доказнай базы, вельмі шмат. А вось тое, што суд звяртае на гэта ўвагу і выносіць апраўдальныя прысуды, з’ява даволі рэдкая.
Гары Паганяйла: “Такія выпадкі не адзінкавыя. Апроч таго, прымяняюць катаванне, недазволеныя метады псіхалагічнага і фізічнага ўздзеяння на падазраваных, якія не маюць дачынення да гэтых злачынстваў, але на якіх упала падазрэнне. Альбо якіх можна лягчэй “апрацаваць” і прымусіць пад ціскам прызнаць сваю віну. А вось тое, што суды ў такіх выпадках выносяць апраўдальныя прысуды — рэдкасць”.
Юрыст кажа, што зараз былыя абвінавачваныя маюць права патрабаваць грашовую кампенсацыю за час, праведзены ў СІЗА.
Гары Паганяйла: “Сёння гэтыя грамадзяне маюць права патрабаваць кампенсацыі за ўтрыманне пад вартай за гэты перыяд часу. А таксама грашовую кампенсацыю за маральныя страты, якія ім нанеслі незаконным пазбаўленнем свабоды цягам шасці месяцаў”.
Між тым следчыя пракуратуры, паводле слоў старшага пракурора раёна, не збіраюцца супакойвацца і будуць шукаць новыя доказы віны трох цыган. Вось толькі наступны раз сабраць іх на лаве падсудных будзе даволі складана. Згодна са звесткамі суддзі Станкевіча, адразу пасля вызвалення ўсе яны раз’ехаліся ў невядомых накірунках.