Літаратары правядуць акцыю ў абарону “Рыбы”
Літаратары, музыкі і іншыя дзеячы альтэрнатыўнай культуры заклікаюць абараніць славутую мінскую краму “Рыба”, якая знаходзіцца на вуліцы Карла Маркса.
Яшчэ год таму, зайшоўшы ў “Рыбу” па піва, група беларускіх культурных актывістаў у складзе Вішнёва, Вяльветава, Ярылы Пшанічнага і Лёліка Ушкіна, занепакоілася тым, што “маладым паэтам і літаратарам ужо няма дзе і піва папіць, засталася толькі “Рыба”.
Справа ў тым, што ў рамках актыўнай рэканструкцыі і акультурвання цэнтральных вуліц горада, знікаюць крамы, буфеты і кулінарыі фармату “прывітанне з савецкай мінуўшчыны”.
Аднак актывісты адзначылі, што “Рыба” займае культавае месца ў гісторыі развіцці беларускай альтэрнатыўнай культуры, і вырашылі прысвяціць краме літаратурны зборнік.
У выніку ідэя увасобілася ў 12-ым нумары часопіса “Тэксты”, які прысвечаны марской тэматыцы i краме “Рыба”.
“Зміцер Вішнёў пашырыў першапачатковую канцэпцыю. Ён хацеў, каб гэта была кніжка. Якая б адлюстроўвала падыходы беларускіх літаратараў да тэмы мора. Акіяну. Таму там ёсць і тэксты. Якія прысвечаны проста акіяну. Беларусь пазбаўленая выхаду да мора, да акіяну, і вось як гэта ўспрымаецца. У беларускай душы ёсць цяга да вады”, - кажа ўдзельнік акцыі Лёлік Ушкін, адзін з заснавальнікаў газеты “Навінкі”, літаратар і старшыня Беларускай партыі Зялёных.
Прэзентацыя “рыбнага” нумару часопіса “Тэксты” адбудзецца 25 красавіка а 18 гадзіне ў Палацы мастацтваў пры удзеле літаратараў: Змітра Вішнёва, Лёліка Ушкіна, Ярылы Пшанічнага, Веры Бурлак і Віктара Жыбуля, Вольгі Гапеевай і іншых.
Будуць паказаныя перформансы “Тэатра псіхічнае неўраўнаважанасці” Юрася Барысевіча.
Таксама ўсе ахвотныя могуць прыняць удзел у флэш-мобе ў абарону крамы “Рыба”, пра які падрабязней можна даведацца на сайце www.rybasos.org