Міністр замежных справаў Эстоніі заяўляе, што Еўразвяз павінен прымусіць беларускія ўлады паважаць правы чалавека
У Таліне ў інфармацыйным цэнтры Еўрапейскага звяза 22 красавіка адбыліся дэбаты з нагоды пашырэння праграмы ЕЗ «Усходняе партнёрства» на Беларусь. У іх удзельнічалі міністр замежных справаў Эстоніі Урмас Паэт, парламентар Андрэс Херкель, а таксама беларускія студэнты, якія навучаюцца ў гэтай краіне па палітычных матывах.
«Міністр Паэт адзначыў, што задача ЕЗ – прымусіць Менск паважаць правы чалавека ў рэспубліцы і выконваць міжнародныя стандарты ў гэтай сферы. У адваротным выпадку ЕЗ можа за кароткі час аднавіць усе дзейсныя санкцыі ў дачыненні да дзейснага рэжыму», — сказаў ініцыятар правядзення гэтай сустрэчы Яўген Крыштафовіч, старшыня моладзевага аб'яднання «Адкрытая Рэспубліка».
«Вядома, любыя змены за паўгады не адбываюцца, але, як заўважылі дэпутат Херкель і Крыштафовіч, прынамсі, адмяніць спрэчныя крымінальныя артыкулы Лукашэнка мог за паўгадзіны. Супрацоўніцтва магчымае толькі, калі гэтае супрацоўніцтва ўзаемнае», — лічыць Ігар Случак, беларускі студэнт юрыдычнага факультэта Тартускага ўніверсітэта.
Нагадаем, пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2006 года, якія, на думку ЕЗ, не адпавядалі дэмакратычным нормам, у дачыненні да вышэйшых беларускіх чыноўнікаў былі ўведзеныя санкцыі. У прыватнасці, ім быў забаронены ўезд у краіны Еўрапейскага звяза. Аднак у кастрычніку 2008 года санкцыі былі знятыя.
7 траўня ў Празе адбудзецца саміт «Усходняга партнёрства», на які быў запрошаны Аляксандр Лукашэнка. Як заявіў кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў, Лукашэнка сам прыме ўдзел у саміце і сфармуе чальцоў беларускай дэлегацыі.