viasna on patreon

Агляд-хроніка парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, красавік 2009 году

2009 2009-05-04T19:54:44+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У красавіку традыцыйны “Чарнобыльскі шлях” сабраў вельмі няшмат народу.  “Прайшоўшую акцыю можна назваць акцыяй спаду”, –   заявіў старшыня  Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі журналістам. Між тым нельга сказаць, што перасьлед дэмакратычных актывістаў спынены. Па меркаваньні праваабаронцаў, адбыліся кропкавыя зьмены. Менгарвыканкам не дазволіў правядзеньне “Чарнобыльскага шляху” па запланаваным заяўнікамі маршруце. У рэгіёнах адбыліся затрыманьні прадстаўнікоў дэмакратычнага руху. Так, у Віцебску 26 красавіка актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя і Руху «За свабоду» нават не пасьпелі распачаць грамадзкія акцыі, як Аляксея Пялевіча, Алеся Галаваня, Кастуся Іванова, Ірыну Пятову і Валерыя Раманенку міліцыянты затрымалі і завезьлі ў пастарунак. У апорны пункт міліцыі таксама былі дастаўленыя сябра КХП БНФ Сяргей Каваленка і правабаронца Валеры Місьнікаў, якіх палічылі «падазронымі асобамі» – менавіта так сказалі супрацоўнікі міліцыі падчас затрыманьня. Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Скрабец, які зьбіраўся ехаць у Менск быў прэвентыўна затрыманы 25 красавіка ў Лідзе. У Бярозе падчас правядзення традыцыйнай акцыі “Сьвечка памяці”, прысьвечанай сумнай гадавіне чарнобыльскай трагедыі, была затрыманая журналістка і праваабаронца Тамара Шчапёткіна.

16 красавіка завяршылася разгонам акцыя салідарнасці з рэпрэсаванымі і сем'ямі зьніклых палітыкаў у Менску. Больш за паўсотню маладых людзей каля 10 хвілінаў прастаялі на Кастрычніцкай плошчы з партрэтамі ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Юрыя Лявонава, Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА. Міліцыя праз мегафон папярэджвала, што акцыя не санкцыянаваная, і заклікала прысутных разысьціся. Затым супрацоўнікі палка міліцыі сьпецыяльнага прызначэньня з ужываннем сілы выцесьнілі маладых людзей на вул. Інтэрнацыянальную і далей да скрыжаваньня з вул. Янкі Купалы. Затрыманняў не было.

Найбольшыя парушэньні ў красавіку тычыліся права на свабоду асацыяцыяў. Пасьля рэгістрацыі з чацьвёртай спробы Грамадзкага праваабарончага-асьветніцкага аб’яднаньня “За свабоду”, некаторыя няўрадавыя арганізацыі ў надзеі на атрыманьне магчымасьці легальнай дзейнасьці падалі ўстаноўчыя дакументы ў Міністэрства юстыцыі. Між тым практыка ўладаў засталася ранейшай – адмовы па надуманых прычынах, асноўная з якіх – неадпаведнасьці ў дакументах. Так, Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў скаргу заснавальнікаў Грамадзкага праваабарончага аб’яднаньня “Наша Вясна” на адмову Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі. Асамблеі няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў Мінюст таксама адмовіў у дзяржрэгістрацыі. Дзіўнай і незразумелай атрымалася сітуацыя з партыяй Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя: напачатку Міністэрства юстыцыі даслала ліст з адмовай, але тут жа яго прыпыніла сваё рашэньне аб нерэгістрацыі на невядомы тэрмін.

23 красавіка еўракамісар па зьнешняй палітыцы Беніта Ферэра-Вальднер заявіла на прэс-канферэнцыі ў Брусэлі, што Беларусь зможа прыняць удзел толькі ў шматбаковых праектах у межах новай палітыкі Еўрапейскага Саюзу «Усходняе партнёрства», паколькі двухбаковай часткі пакуль не існуе. Паводле яе словаў, ЕС узаемадзейнічае з беларускімі няўрадавымі арганізацыямі і СМІ. З афіцыйнымі прадстаўнікамі Еўракамісія пачала кансультацыі ў асобных галінах: транспарт, энергетыка, зьмена клімату. Еўракамісар адзначыла, што прапанова для Беларусі пра паўнавартаснае сяброўства ў Еўрапейскай палітыцы добрасуседства «застаецца адкрытай, але для гэтага неабходна выканаць пэўныя ўмовы». «Вы ўсе ведаеце пра пяць рэкамендацыяў, якія мы зрабілі Беларусі», — зазначыла сп. Ферэра-Вальднер. Нагадаем, што ў кастрычніку 2008 года з 12 рэкамендацыяў у якасьці асновы нармалізацыі адносінаў з Беларусьсю Еўрасаюз вылучыў пяць: рэформа выбарчага заканадаўства, забесьпячэньне свабоды аб'яднаньняў, стварэньне ўмоваў для дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў, свабода прэсы і зьняцьцё абмежаваньняў для свабоды асобы.

  1. Адміністратыўныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

 4 красавіка ў Кобрыне міліцыянты затрымалі мясцовага маладафронтаўца Андруся Верам'юка. Разам з сябрамі ён вывесіў нацыянальны сьцяг на 12-метровай вышыні на адным з будынкаў у цэнтры гораду. У пастарунку актывіста пратрымалі паўтары гадзіны і вызвалілі без складаньня пратаколу. Бел-чырвона-белы сьцяг зьнялі праз некалькі гадзін пажарнікі.

 16 красавіка ў Берасьці былі затрыманыя ўдзельнікі Дня салідарнасьці Яўген Скрабец, Уладзімір Шэлег, Натальля Гагалюк, Кацярына Ішчык і Іларыён Касянчук, якія знаходзіліся ў цэнтры гораду з расьцяжкамі “Свабода палітвязьням” і сьцягам “Еўрапейскай Беларусі”. Супрацоўнікі міліцыі даставілі моладзевых актывістаў у пастарунак, дзе правялі дагляд, зьнялі на відэа і склалі адміністрацыйныя пратаколы. На наступны дзень судзьдзя Ленінскага раёну Берасьця Ларыса Назарэнка прызнала іх вінаватымі ва ўчыненьні правапарушэньня па ч.1 арт. 23.34 КаАП РБ (“Парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў”) і пакарала кожнага з актывістаў штрафам у памеры дзьвюх базавых велічыняў (70 тыс. руб). Ноч да суду ўдзельнікі акцыі правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня. 

 23 красавіка суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў рэгіянальнага актывіста «Маладога Фронту» Міхала Ільіна вінаватым ва ўчыненьні правапарушэньня па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і прысудзіў  дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту. «У судзе М.Ільін не адмаўляў, што 22 красавіка ў 11.45 на галоўнай плошчы гораду паклаў да помніка Леніну прынесеныя ім у сумцы ўнітаз і чатыры рулоны туалетнай паперы, — паведаміў праваабаронца Раман Кісляк. — Паводле слоў маладога чалавека, такім чынам ён выказаў сваё стаўленьне да камунізму і існуючаму, паводле яго меркаваньня, дагэтуль культу асобы Леніна». 

 23 красавіка абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу грамадзкага актывіста Рыгора Грыка з Баранавічаў на рашэньне суду Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы, згодна з якім ён быў аштрафаваны на 20 б.в. па арт. 23.34 ч.2 КаАП за нібыта арганізацыю ў студзені акцыі прадпрымальнікаў. Судзьдзя абласнога суду Куніцкая пакінула вынесенае  судовае рашэньне бяз зьменаў. Між тым было даказана, што сп. Грык не зьяўляўся арганізатарам мерапрыемства, а пратакол быў складзены з парушэньнямі без удзелу актывіста.

  1. Парушэньні права на свабоду ассацыяцыяў

 9 красавіка кіраўніцтва Асамблеі няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў атрымала ліст з Мінюсту аб адмове ў дзяржрэгістрацыі. Мінюст абгрунтаваў сваё рашэньне парушэньнямі парадку стварэньня асацыяцыі, быццам бы дапушчанымі пры заснаваньні Асамблеі НДА. У прыватнасьці, сьцвярджалася, што ўстаноўчая дамова зьяўляецца несапраўднай, бо кіраўнікі арганізацыяў-заснавальнікаў падпісалі яе бяз згоды кіруючых органаў гэтых грамадзкіх аб’яднаньняў. Таксама міністэрства палічыла, што назва арганізацыі не адпавядае патрабаваньням заканадаўства, бо не ўтрымлівае ўказаньня на прадмет дзейнасьці яе сябраў. Прадстаўнікі Асамблеі лічаць адмову палітычна матываванай. «Устаноўчая дамова аб стварэньні Асамблеі падпісвалася кіраўнікамі арганізацыяў-заснавальнікаў пасля таго, як іх упаўнаважылі на тое сходы ў кожнай арганізацыі, — падкрэсліў юрыст Юры Чавусаў. — Устаноўлены законам парадак быў выкананы, і гэта пацьвярджаюць дакументы». Заснавальнікамі Асамблеі НДА зьяўляюцца 7 грамадзкіх аб’яднаньняў, у тым ліку Беларускі Хельсінскі камітэт, цэнтр “Супольнасьць”, БНФ “Адраджэньне”, Цэнтр правоў чалавека і яшчэ тры грамадзкія арганізацыі з Верхнядзьвінску, Віцебску і Магілёву.

30 красавіка сябры працоўнай групы па стварэньні Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч, Алег Гулак і Алесь Бяляцкі накіравалі ў Вярхоўны суд Беларусі зыск, у якім просяць прызнаць неправамоцным рашэньне Мін’юсту аб адмове ў рэгістрацыі.

Старшыня Рабочай групы Асамблеі С. Мацкевіч нагадаў, што гэтая адмова ў рэгістрацыі — паўторная: упершыню ініцыятары стварэньня Асамблеі спрабавалі зарэгістравацца ў 2002 годзе, прычым, чакаць адказу ад Мінюсту тады давялося паўтара гады. Скарга Асамблеі на тое рашэньне зараз знаходзіцца ў Камітэце па правах чалавека ААН.

 15 красавіка кіраўніцтва Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі атрымала адказ з Мінюсту, у якім паведамлялася аб адмове ў рэгістрацыі партыі. Падставай паслужыла нібыта неадпаведнасьць дакументаў апытаньню заснавальнікаў, якое праводзіў сам Мінюст. Устаноўчы з’езд партыі адбыўся напрыканцы лютага, пасьля падачы дакументаў на рэгістрацыю амаль кожнаму з падпісантаў пачалі тэлефанаваць прадстаўнікі мясцовых ідэалагічных аддзелаў, КДБ і міліцыі. Некаторых выклікалі ў адміністрацыі па месцы працы і пад пагрозай звальненьня патрабавалі адмовіцца ад свайго подпісу. Адметна, што праверку дакументаў заснавальнікаў БХД праводзіў асабіста намесьнік міністра юстыцыі Беларусі Алег Сліжэўскі, за подпісам якога хрысьціянскія дэмакраты і атрымалі адмоўны адказ. Аднак ужо на наступны дзень, 16 красавіка, аднаму з сустаршыняў БХД Аляксею Шэіну патэлефанаваў супрацоўнік Мін’юсту і паведаміў, што рашэньне аб нерэгістрацыі партыі прыпыненае. Афіцыйная прычына – у сувязі з шэрагам зваротаў заснавальнікаў БХД, атрыманьнем інфармацыі, якая ўплывае на рашэньне аб дзяржаўнай рэгістрацыі дадзенай партыі. Канчатковае рашэньне будзе прынятае пасьля праверкі атрыманай інфармацыі.

 22 красавіка Ленінскі суд Магілёву не задаволіў скаргу прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці і іншых галін народнай гаспадаркі на неправамоцныя дзеяньні гарвыканкаму. Нагодай для суду сталася адмова выканаўчай улады рэгістраваць гарадзкую арганізацыю прафсаюзу. Чыноўнікі сваю пастанову аргументавалі тым, што ў сьпісе выбарных органаў суполкі няма агульных інтарэсаў паводле роду дзейнасьці іх сяброў. Судзьдзя Юлія Трапыніна стала на пазіцыю гарвыканкаму і прыняла рашэньне не задавальняць скаргі прафсаюзу. Сябры незарэгістраванай арганізацыі прафсаюзу  працягнуць у судовым парадку дамагацца сваіх правоў. Падобныя судовыя працэсы павінны таксама адбыцца ў Віцебску і Гомелі: там гарвыканкамы адмовіліся рэгістраваць гарадзкія арганізацыі прафсаюзу.

  1. Палітычна матываваныя крымінальныя справы

 8 красавіка Міжнародная фундацыя па абароне праваабаронцаў Front Line накіравала ліст да прэзідэнта Беларусі ў сувязі з крымінальным перасьледам праваабаронцы Леаніда Сьвеціка. Front Line лічыць, што судовыя дзеянні супраць сп. Сьвеціка неабгрунтаваныя і зьвязаныя з яго легальнай і мірнай праваабарончай дзейнасьцю, таму заклікае беларускія ўлады: неадкладна зьняць абвінавачваньн; гарантаваць фізічную і псіхалагічную цэласнасьць; забясьпечыць усім праваабаронцам Беларусі, якія праводзяць законную працу па абароне правоў чалавека, права на свабоду выказваньня і аб’яднаньня, а таксама свабодную дзейнасьць без абмежаваньняў і перасьледу, уключаючы судовы перасьлед. 

 14 сакавіка напярэдадні разгляду ў парламенце законапраекту аб амністыі моладзь зладзіла ля Дому ўраду на плошчы Незалежнасці ў Менску акцыю з патрабаваньнем амністыі ўдзельнікам “працэсу 14-ці”. Літаральна праз 10 хвілінаў супрацоўнікамі міліцыі былі затрыманыя Павел Юхневіч, Максім Вінярскі, Кацярына Сьцепанюк, Алег Ладуцька, Улад Ігнатовіч, Марта Крылова, Паліна Дзякава і Аляксей Ляўковіч. Актывістаў даставілі ў Маскоўскі РУУС, перапісалі і вызвалілі без складаньня пратаколаў. “Мы намагаліся зьвярнуць увагу парламенту на тое, што ўдзельнікі “Працэсу чатырнаццаці” сваім артыкулам тэарэтычна могуць трапіць пад амністыю. Таксама зьвярталі ўвагу на тое, што ў парламента ёсьць сродак, як захаваўшы твар, вызваліць іх ад пакараньня”, – патлумачыў  актывіст “Еўрапейскай Беларусі” М.Вінярскі. Між тым, лідэр "Маладых дэмакратаў" Міхась Пашкевіч паведаміў, што асуджаная па "працэсу 14-ці" Тацьцяна Цішкевіч абвешчаная ў вышук. Пра гэта ён даведаўся ад сьледчага крымінальна-выканаўчай інсьпекцыі Фрунзенскага раёну Менску. Зараз Т. Цішкевіч навучаецца ў Польшчы.

 Асуджаны па «Працэсу 14-ці» Аляксандр Баразенка падаў скаргу ў пракуратуру на незаконныя дзеяньні супрацоўніка крымінальна-выканаўчай інсьпекцыі Фрунзенскага раёну сталіцы Сяргея Кісяля. Па словах моладзевага актывіста, у канцы сакавіка ён быў вымушаны пераехаць са сталіцы ў Пінск пасля таго, як 23 сакавіка яго зьбіў інсьпектар, і А. Баразенку было вынесена другое папярэджаньне за парушэньне правілаў адбыцьця пакараньня. “Я ня мог больш заставацца ў Менску, бо зразумеў, што застаецца толькі адзін крок да трэцяга папярэджаньня, а далей – 3 гады турмы. У Пінску да мяне цалкам іншае стаўленьне. Няма той прадузятасьці з боку інсьпектара, якая была ў Менску. У цяперашні час я заняты пошукам працы,” – распавёў А.Баразенка. 

  1. Перасьлед грамадзка-палітычных актывістаў

 Пракуратура Савецкага раёну сталіцы даслала адмоўны адказ на супольную заяву маладафронтаўцаў Зьмітра Дашкевіча, Паўла Кур'яновіча, Вадзіма Ханяўкі і Міколы Дземідзенкі аб узбуджэньні крымінальнай справы за жорсткае зьбіцьцё міліцыянтамі ўдзельнікаў шэсьця на Дзень Любові. У лісьце зазначаецца, што ва ўзбуджэньні крымінальнай справы адмоўлена па падствае п.1.ч.1 арт. 29 УКК - "за адсутнасьцю грамадзкага небясьпечнага дзеяньня". Маладафронтаўцы намераныя абскардзіць адмову ў вышэйстаячай інстанцыі.

 17 красавіка судзьдзя Першамайскага райсуду сталіцы Натальля Петух не задаволіла скаргу маладафронтаўца Зьмітра Хведарука на незаконныя дзеяньні вайскоўцаў падчас прызыву. На суд моладзевага актывіста вазілі са шпіталя ў суправаджэньні афіцэра. На судовым працэсе прадстаўнік медычнай камісіі Аляксандар Валошын ня стаў аспрэчваць, што З.Хведарук хворы, аднак настойваў, што з такім “букетам хваробаў” ён служыць можа – пры абмежаваных фізічных нагрузках. З. Хведарук прызнаўся, што мінулыя 2,5 месяцы амаль цалкам правёў у медустановах: “Якраз цяпер я знаходжуся на лекаваньні ў медычнай роце ў Печах. Па сутнасьці, увогуле за ўвесь час службы я ніводнага разу ня выканаў свае функцыянальныя абавязкі – ні разу не хадзіў у нарад, ні разу не стаяў на варце. Апроч абіраньня бульбы для часткі, я нічога карыснага не зрабіў”. 

  1.  Умовы ўтрыманьня ў месцах зьняволеньня

 16 красавіка ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, які з 8 лютага знаходзіцца ў следчым ізалятары па абвінавачваньні ў падпале маёмасьці, абвясьціў галадоўку. Па словах адваката Паўла Сапелкі, які прадстаўляе інтэрэсы М.Аўтуховіча, гэта адзіная законная ва ўмовах турмы мера, на якую мог пайсьці абвінавачаны, пратэстуючы супраць беззаконьня і сваволі сьледчых органаў, адсутнасьці пракурорскага нагляду за ходам расьследваньня сваёй справы. М. Аўтуховіч акцэнтуе ўвагу на тым, што на працягу двух месяцаў знаходжаньня пад вартай з ім не праводзілася ніякіх сьледчых дзеяньняў. Дапытваюцца знаёмыя арыштаванага, але не па акалічнасьцях справы, а з нагоды захоўваньня зброі, падрыхтоўцы выбухаў у Гарадзенскай вобласьці, зьнішчэньня маёмасьці. На некаторых сьведкаў аказваецца псіхалагічны ціск, каб яны далі супраць абвінавачаных ілжывыя паказаньні.  

  1. Парушэньні права на свободу мірных сходаў

 14 красавіка актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зьміцер Бародка і Максім Сяргееў падалі ў Менгарвыканкам заяўкі на правядзеньне 1 траўня пікетаў для збору подпісаў за ўступленьне Беларусі ў Еўрасаюз. Адмоўны адказ, матываваны неіснуючай прававой нормай, прыйшоў за подпісам намесьніка старшыні Менгарвыканкама М. Ціцянкова. У ім сказана, што падобнае мерапрыемства не адпавядае часткам пятай і шостай артыкулу 5 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь». Між тым, пятая частка артыкулу 5 Закона «Аб масавых мерапрыемствах», на якую ў тым ліку спасылаецца М.Ціцянкоў, не апублікаваная – не ўступіла ў законную сілу. «Адмова на нашую заяўку дэманструе, што гістэрыя ў дзяржаўных СМІ з нагоды так званых лібералізацыі і зьбліжэньня з Еўропай – ня больш чым фарс. Уладам ня трэба ніякага руху ў Еўропу. У Беларусі па-ранейшаму груба парушаецца свабода сходаў, свабода слова, свабода асацыяцыяў, у нас па-ранейшаму ёсьць палітвязьні. Тым ня менш, нягледзячы на ўсе забароны, кампанія працягваецца. За далучэньне да Еўрасаюзу сабраныя ўжо дзясяткі тысяч подпісаў,”  – пракаментаваў  адмову актывіст «Еўрапейскай Беларусі» З. Бародка.

 Запланаваны на 18-19 ліпеня V з’езд беларусаў свету МГА «Згуртаваньне беларусаў свету «Бацькаўшчына» апынуўся пад пагрозай зрыву. Арганізатарам адмовілі ў арэндзе 17 арганізацыяў. “Афіцыйная прычына большасьці адмоваў – «рамонтныя работы». У прыватнасьці, у ліпені будуць рамантавацца ДК прафсаюзаў, КЗ «Менск», Палац культуры МАЗ, МТЗ, актавая зала Лінгвістычнага універсітэту, праблемы з пажарнай бясьпекай мае Дом афіцэраў, — распавяла старшыня «Бацькаўшчыны» Алена Макоўская. На думку кіраўніцтва арганізацыі, такая рамонтная эпідэмія дэманструе палітычнае рашэньне ўладаў.

 30 красавіка судзьдзя Мікалай Сільмановіч суду г. Баранавічы і Баранавіцкага раёну не задаволіў скаргі праваабаронцы Сяргея Гоўшы, юрыста Карнея Пятровічя і сябра “Руху “За Свабоду” Віктара Сырыцы на  адмену рашэньня мясцовага гарвыканкаму ад 17.01.2006 году № 4 “Пра парадак правядзеньня ў г. Баранавічы масавых мерапрыемстваў”, якое фактычна пазбаўляе магчымасьці легальна праводзіць масавыя мерапрыемствы ў горадзе. Заяўнікі лічаць, што дадзены нарматыўны акт мясцовых чыноўнікаў супярэчыць ня толькі Закону “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”, але і Канстытуцыі Беларусі, Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванаму Рэспублікай Беларусь. Дэмакратычныя актывісты маюць намер абскардзіць судовае рашэньне ў вышэйстаячых інстанцыях.

  1. Парушэньні прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі

 16 красавіка незалежны фотакарэспандэнт, сябра БАЖ Уладзімір Грыдзін здымаў на камеру будынак Першамайскага РУУС сталіцы, дзе здарыўся пажар. Амаль адразу журналіста затрымалі людзі ў цывільным, скруцілі, адабралі камеру, пры гэтым некалькі разоў ударылі ў дых каленам, і завялі ў пастарунак. Там здымкі выдалілі, пасля чаго фотакарэспандэнта адпусьцілі. Пры гэтым нападнікі праігнаравалі патрабаваньне У. Грыдзіна назваць свае прозьвішчы. У сувязі з гэтым інцыдэнтам ГА «БАЖ» зьвярнулася ў пракуратуру з просьбай правесьці праверку па факце і прыняць адпаведныя меры пракурорскага рэагаваньня ў дачыненьні вінаватых асобаў.

 Пракуратура не ўгледзела парушэньняў ў дзеяньнях мясцовых чыноўнікаў, праверку якіх прасіў правесьці галоўны рэдактар недзяржаўнага рэгіянальнага выданьня «Бобруйский курьер» Анатоль Санаценка. Кіраўнік рэдакцыі паведамляў, што некаторыя прадстаўнікі мясцовай ўлады сістэматычна парушаюць свабоду масавай інфармацыі і правы рэдакцыі, у тым ліку: перашкоды ў распаўсюдзе выданьня, адмовы ў акрэдытацыі і доступе да інфармацыі і г.д. Скарга была падмацаваная шэрагам дакументаў. На думку заяўніка, такім чынам чыноўнікі груба парушылі заканадаўства аб СМІ і артыкул 198 Крымінальнага кодэкса РБ («Стварэньне перашкодаў законнай прафесійнай дзейнасьці журналіста»). Старшы сьледчы пракуратуры Ленінскага раёна Бабруйска Сяргей Шарамет палічыў, што склад злачынства адсутнічае. Акрамя таго, 10 красавіка рэдакцыя выданьня атрымала ліст за подпісам кіраўніцы Бабруйскага вузла паштовай сувязі Ніны Шэлех, якая паведаміла, што дамова на рэалізацыю «Бобруйского курьера» скасоўваецца з 1 траўня. А. Санаценка зьвязвае гэты крок са скаргай на дзеяньні мясцовых чыноўнікаў. Па зьвестках БАЖ, з перашкодамі ў доступе да інфармацыі і распаўсюдзе зараз сутыкаюцца недзяржаўныя выданьні шмат у якіх рэгіёнах. Асабліва напружаная сітуацыя ў Бабруйску, Барысаве і Баранавічах.

  1. Дзейнасьць сьпецслужбаў 

 Напярэдадні гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС 24 красавіка гарадзенскі дэмакратычны актывіст і правабаронца Віктар Сазонаў быў дастаўлены ва ўпраўленьне КДБ па Гарадзенскай вобласьці, дзе быў азнаёмлены са сваёй асабістай справай.  Супрацоўнікі сьпецслужбаў папярэдзілі В. Сазонава пра магчымыя наступствы ў выпадку працягу далейшай апазіцыйнай дзейнасьці, і ўзялі роспіс за азнаямленьне з крымінальным артыкулам 342 КК РБ ("Арганізацыія альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак"). 

 29 красавіка  ў Гародні супрацоўнікі УКДБ вобласьці затрымалі журналіста, сябра БАЖ Івана Романа. Ён з’яўляецца карэспандэнтам Радыё «Рацыя» і аўтарам часопісу «Магазын Польскі», які выдаецца апальным Саюзам палякаў у Беларусі. Журналісту вынеслі афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці супрацьпраўнай дзейнасьці. “Мне сказалі, што я магу пісаць, але толькі пазітыўна, а калі буду даваць негатыўную інфармацыю, то гэта будзе расцэнена, як дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь у замежных СМІ,” – распавёў І. Роман. Летась падобнае папярэджаньне І. Роману вынесла пракуратура.

 23 красавіка завод, дзе працуе актывіст «Маладога Фронту» Антон Русін, наведалі невядомыя ў цывільным. Яны распытвалі Антона Русіна пра дзейнасьць арганізацыі, яго лідэраў і пра марш «За незалежнасьць!», які рыхтуе МФ. Адказваць на пытаньні моладзевы актывіст адмовіўся.

  1. Звальненьні і адлічэньні па палітычных матывах

 Алесь Мех, які балатаваўся кандыдатам у дэпутаты на парламенцкіх выбарах, атрымаў адмоўны адказ з Вярхоўнага суду адносна незаконнага звальненьня з працы падчас выбарчай кампаніі. Выдатнаму сьпецыялісту з дзвюма вышэйшымі адукацыямі працоўнага месца ні ў самім  Кобрыне, ні ў раёне не знайшлося. Дэмакратычны актывіст намераны зьвярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства