viasna on patreon

Абмежаваньне права на свабоду і асабістую недатыкальнасьць. Выкарыстаньне прымусовай працы

2009 2009-04-27T15:47:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Права на свабоду і асабістую недатыкальнасьць гарантуецца міжнароднымі дакументамі ў галіне правоў чалавека і нацыянальнымі канстытуцымі.

Універсальны характар правоў чалавека, згодна з арт. 2 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, азначае, што яны належаць кожнаму, незалежна ад расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных ці іншых перакананьняў, нацыянальнага ці ці сацыяльнага паходжаньня, маёмаснага, саслоўнага ці іншага становішча. Адмаўленьне ўніверсальнасьці правоў чалавека на карысьць пэўных інтарэсаў разбурае саму сістэму правоў чалавека, адкрывае дарогу да бяспраўя, дыскрымінацыі і рэпрэсіяў.

 

У апошнія гады ўрадам Беларусі актыўна вядзецца кампанія супраць алкагалізму. Праблема алкагалізацыі грамадства сапраўды вельмі актуальная і патрабуе распрацоўкі дзяржаўнай праграмы, скіраванай на яе мінімізацыю, на лячэньне і далейшую сацыяльную рэабілітацыю асобаў, якія пакутуюць на залежнасьць ад алкаголю і наркотыкаў. Разам з тым, дзяржаўныя органы пры правядзенні мерапрыемстваў, накіраваных на барацьбу з гэтым сацыяльным злом, дапускаюць парушэньні правоў чалавека, неабгрунтавана пазбаўляюць людзей свабоды, прыніжаць іх чалавечую годнасьць.

Доўгі час наяўнасць у краіне такіх установаў, як лячэбна-працоўных прафілакторыяў (ЛПП), не афішавалася ўладамі, але ў апошнія часы гэта ўсё часцей становіцца тэмай дыскусіяў. Неаднаразова на працягу году кіраўнік дзяржавы і вышэйшыя службовыя асобы выказваліся аб неабходнасьці пашырэньня сістэмы ЛПП, будаўніцтве працоўных лагераў для алкаголікаў і нядбайных бацкоў і г.д. Гэтыя абставіны вымушаюць зьвярнуць пільную ўвагу на заканадаўчае рэгуляваньне і практыку ізаляцыі грамадзянаў у ЛПП, паколькі яны супярэчаць Канстытуцыі і некаторым нормам дзеючага заканадаўства, а таксама міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека. 

 

Першы Лячэбна-працоўны прафілакторый з’явіўся ў СССР у 1967 годзе на тэрыторыі Казахскай ССР. У далейшым сістэма ЛПП  актыўна выкарыстоўвалася для прымусовай ізаляцыі асобаў, якія пакутуюць на алкагалізм і наркаманію, парушаюць грамадзкі парадак і правілы “сацыялістычнага агульнага жыцьця”. Грамадзяне накіроўваліся ў ЛПП па пастанове раённых судоў тэрмінам ад 6 месяцаў да 2 гадоў. Рашэнне суду з’яўлялася канчатковым і абскарджанню ў касацыйным парадку не падлягала. За ўцёкі з ЛПП была ўстаноўленая крымінальная адказнасьць. Праваабаронцы ў СССР называлі ЛПП часткай карнай савецкай сістэмы.

25 кастрычніка 1990 г. Камітэт Канстытуцыйнага нагляду СССР прыняў Заключэньне “Аб заканадаўстве па пытанні аб прымусовым лячэньні і працоўным перавыхаваньні асобаў, якія пакутуюць на алкагалізм і наркаманію”, у адпаведнасці з якім некаторыя нормы дзеючага тады заканадаўства СССР у гэтай сферы, у тым ліку і саюзных рэспублік, былі прызнаныя не адпаведнымі Канстытуцыі СССР і міжнародным нормам у галіне правоў чалавека. Пасьля распаду СССР сістэма ЛПП была ліквідаваная ў большасці былых савецкіх рэспубалік, і на дадзены момант ужываецца ў толькі ў Беларусі, Туркменістане і Ўкраіне.

 

У Беларусі сістэма ЛПП пасьля 1991 году фактычна не ўжывалася. Адраджэньне практыкі прымусовай ізаляцыі грамадзянаў, якія пакутуюць на алкагалізм і наркаманію, пачалося ў канцы 90-х гадоў і ў апошнія гады атрымала шырокі распаўсюд. У краіне дзейнічаюць чатыры  ЛПП: у г. Сьветлагорску (Гомельская вобл.), у г. Слуцку (Менская вобл.), жаночае ЛПП у г. Горкі (Магілёўская вобл.) і ў г. Наваградку (Гарадзенская вобл.). Яшчэ два ЛПП на дадзены момант знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва (на базе былых калоніяў агульнага рэжыму). У 2008 годзе 844 чалавекі былі ізаляваныя ў ЛПП па пастановах судоў, з іх 134 -- жанчыны.

 

Працэдура накіраваньня грамадзянаў, якія пакутуюць на алкагалізм і наркаманію, у ЛПП рэгулюецца Законам Рэспублікі Беларусь “Аб мерах прымусовага ўздзеяння ў дачыненні да алкаголікаў і наркаманаў, якія сістэматычна парушаюць грамадзкі парадак і правы іншых асобаў”, прынятым Вярхоўным Саветам БССР 21 чэрвеня 1991 г., з улікам дапаўненьняў і зьменаў, унесеных у дадзены Закон у 1994, 2000, 2008 гадах. У адпаведнасці з п.1 дадзенага Закону, хранічныя алкаголікі і наркаманы, якія сваімі паводзінамі, зьвязаным са злоўжываньнем алкаголем, або на глебе ўжываньня наркатычных сродкаў сістэматычна парушаюць грамадзкі парадак або правы іншых асобаў, могуць быць па рашэньні раённага (гарадзкога) суду прымусова ізаляваныя на тэрмін ад аднаго да паўтары гадоў у лячэбна-працоўных прафілакторыях для іх медыка-сацыяльнай рэадаптацыі з абавязковым прыцягненьнем да працы.

У адпаведнасьці з п. 3 Закону, асобы, прыцягнутыя больш за два разы на працягу году да ўстаноўленай заканадаўствам адказнасьці за парушэньне грамадзкага парадку або правоў іншых асобаў, якія зьдзейсьнілі гэтыя правапарушэньні ў стане алкагольнага ап’яненьня альбо ў стане, выкліканым ужываньнем наркатычных сродкаў, псіхатропных, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, накіроўваюцца ва ўстановы аховы здароўя для абсьледаваньня і ўстанаўленьня дыягназу аб хранічным алкагалізме або наркаманіі на падставе матываванай пастановы органа ўнутраных справаў. У выпадку ўхіленьня ад медыцынскага абследаваньня асоба можа быць падвергнутая ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку прымусоваму медыцынскаму абследаваньню. Рашэньне аб прызнаньні асобы хранічным алкаголікам або наркаманам прымаецца камісійна лекарамі-псіхіятрамі або лекарамі-нарколагамі псіхіятрычных або наркалагічных установаў аховы здароўя.

Такім чынам, для накіраваньня ў ЛПП неабходная наяўнасьць двух фактараў: асоба павінна быць прызнаная хранічным алкаголікам або наркаманам, а таксама быць прыцягнутай да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне грамадзкага парадку або правоў іншых асобаў больш за два разы на працягу году.

Матэрыялы аб накіраваньні хранічнага алкаголіка або наркамана ў лячэбна-працоўны прафілакторый разглядаюцца пры наяўнасьці медыцынскага заключэньня раённым (гарадзкім) судом па месцы яго жыхарства (у дачыненьні асобаў, не якія маюць сталага месца жыхарства -- па месцы знаходжаньня ў момант узбуджэньня хадайніцтва) у тэрмін не звыш дзесяці дзён у адкрытым судовым паседжаньні з удзелам асобы, у дачыненьні да якой узбуджанае хадайніцтва, і па ягоным жаданьні -- абаронцы, з удзелам пракурора, у неабходных выпадках -- з удзелам прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў, працоўных калектываў і дзяржаўных органаў, а таксама членаў сям’і або блізкіх сваякоў.

Тэрмін ізаляцыі  ўстаноўлены Законам ад 1 да 1,5 года. Па прадстаўленьні адміністрацыі ЛПП, па рашэньні суда, дадзены тэрмін можа быць зьменшаны.

У адпаведнасьці з п. 2 Закону, асобы, накіраваныя ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі, карыстаюцца правамі грамадзянаў Рэспублікі Беларусь з абмежаваньнямі, якія вынікаюць з неабходнасьці забесьпячэньня прымусовай ізаляцыі і медыка-сацыяльнай рэадаптацыі з абавязковым прыцягненьнем да працы, якія ўстаноўленыя законам.

 

ЛПП знаходзяцца ў падпарадкаваньні Міністэрствы ўнутраных справаў і ўпраўленьняў унутраных справаў абласных выканаўчых камітэтаў. Парадак утрыманьня грамадзянаў у ЛПП рэгулюецца пастановамі МУС, а таксама Палажэньнем “Аб лячэбна-працоўных прафілакторыях для алкаголікаў і наркаманаў, сістэматычна парушаючых грамадзкі парадак або правы іншых асобаў”, зацверджаным Пастановай Вярхоўнага Савету БССР ад 21 чэрвеня 1991 г. У адпаведнасьці з п.2 дадзенага Палажэньня, асноўнай  задачай лячэбна-працоўнага прафілакторыя з’яўляецца прымусовая ізаляцыя, медыка-сацыяльная рэадаптацыя з абавязковым прыцягненьнем да працы асобаў.

У лячэбна-працоўных прафілакторыях устанаўліваецца рэжым, які забясьпечвае абавязковую  ізаляцыю, выкананьне  медыка-сацыяльных прадпісаньняў і працоўных абавязкаў утрымліваемых ў іх асобаў, а таксама сталы нагляд за імі. Асобам,  якія зьмяшчаюцца ў  лячэбна-працоўных прафілакторыях, не дазваляецца мець  пры сабе  асабістыя дакументы, грошы і прадметы, забароненыя да захоўваньня. Захаванасьць асабістых дакументаў і грошай забясьпечваецца адміністрацыяй прафілакторыя. Пры наяўнасьці  дастатковых падставаў падазраваць асобу, якая зьмешчаная ў лячэбна-працоўным прафілакторыі, у намеры пранесьці або атрымаць забароненыя прадметы яна падвяргаецца асабістаму дагляду, які праводзіцца толькі асобамі аднаго полу з даглядаемым. Яго пасылкі, перадачы і бандэролі таксама падлягаюць дагляду.

Да асобы, зьмешчанай у лячэбна-працоўны прафілакторый, калі яна аказвае фізічны супраціў персаналу прафілакторыя, выяўляе буянства або зьдзяйсьняе  іншыя гвалтоўныя дзеяньні, дапускаецца ў мэтах прадухіленьня прычыненьня ім  шкоды акружаючым або самому сабе ўжываньне фізічнай  сілы, сьпецыяльных сродкаў (наручнікі, гумовыя палкі, сродкі зьвязваньня, сьпецыяльныя хімічныя рэчывы і іншыя сьпецыяльныя сродкі, а таксама службовыя жывёлы) і агнястрэльнай  зброі ў адпаведнасьці з дзеючым заканадаўствам.

Аналіз правілаў утрымання ў ЛПП сьведчыць аб тым, што зьмешчаныя там асобы ўтрымліваюцца ва ўмовах строгай ізаляцыі, падобныя на ўмовы і парадак утрыманьня ў калоніях агульнага рэжыму. Асабліва варта адзначыць прадугледжаную вышэйуказаным палажэньнем магчымасьць ужываньня агнястрэльнай зброі ў дачыненьні да ізаляваных грамадзянаў.

Па інфармацыі, якая паступае ад асобаў, якія ўтрымліваюцца ў ЛПП, яны практычна не атрымліваюць медыцынскага лячэньня. Асноўным “лячэньнем” такіх асобаў з’яўляецца выключна працоўная тэрапія, у тым ліку іх праца выкарыстоўваецца ў інтарэсах прыватных кампаніяў, а таксама для рамонту прыватных жылых памяшканьняў. Пры гэтым нізкая аплата працы ізаляваных у ЛПП грамадзянаў робіць яе практычна бясплатнай.

 

Такім чынам, Закон Рэспублікі Беларусь “Аб мерах прымусовага ўзьдзеяньня ў дачыненьні да алкаголікаў і наркаманаў, якія сістэматычна парушаюць грамадзкі парадак і правы іншых асобаў” устанаўлівае, што грамадзяне, якія пакутуюць на алкагалізм і наркаманію, падвяргаюцца прымусовай ізаляцыі на падставе пастановы раённага суда. Аналіз правілаў і ўмоваў утрыманьня сьведчыць, што прымусовая ізаляцыя з’яўляецца нічым іншым, як пазбаўленьнем волі. У дадзеным выпадку пазбаўленьне волі адбываецца па-за межамі крымінальнага перасьледу, г.з., не ў сувязі са зьдзяйсьненнем злачынствам і не згодна з прысудам суда. Адзінымі падставамі для такой ізаляцыі з’яўляецца хранічны алкагалізм або наркаманія асобы і прыцягненьне яе больш за два разы да адміністрацыйнай адказнасьці за правапарушэньні, зьвязаныя з парушэньнем грамадзкага парадку або інтарэсаў іншых асобаў. Гэта значыць, што пазбаўленьне волі або прымусовая ізаляцыя тэрмінам да году і шасьці месяцаў адбываецца выключна ў сувязі з хваробай грамадзянаў (хранічны алкагалізм або наркаманія) і яго антыграмадзкімі паводзінамі. Пры гэтым варта адзначыць, што за зьдзейсьненыя правапарушэньні дадзеныя асобы ўжо былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці ва ўстаноўленым законам парадку, г.з., ужо панесьлі адказнасьць за пэўныя супрацьпраўныя дзеяньні. У дадзеным выпадку юрыдычны статус такіх “ізаляваных у ЛПП” асобаў з’яўляецца нявызначаным: яны не з’яўляюцца асуджанымі альбо адміністрацыйна арыштаванымі. Паняцьце “ізаляваны” не прадугледжана ніякімі іншымі заканадаўчымі актамі, акрамя як дадзеным Законам.

 

Разам з тым, працягласьць і ўмовы ізаляцыі асобаў у ЛПП па сутнасьці з’яўляюцца нічым іншым, як пазбаўленьнем волі, якое можа быць прызначанае выключна ў выпадку прызнаньня асобы вінаватай у зьдзяйсьненьні злачынства, калі яе віна будзе даказаная ўступіўшым у сілу прысудам суда.

У адпаведнасьці з ч.1 ст. 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзяржава забясьпечвае свабоду, недатыкальнасьць і годнасьць асобы. Абмежаваньне або пазбаўленьне асабістай свабоды магчыма ў выпадках і парадку, устаноўленых законам. У Рэспубліцы Беларусь пазбаўленьне альбо абмежаваньне волі магчыма выключна ў межах крымінальнага перасьледу за зьдзейсьненыя злачынныя дзеяньні, на падставе ўступіўшага ў сілу прысуду суда. Падставы абмежаваньня або пазбаўленьня асабістай свабоды магчымыя ў выпадках і парадку, устаноўленым законам -- Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь.  Ізаляцыя, г.з.  пазбаўленьне волі грамадзянаў на тэрмін да 1,5 гадоў на падставе пастановы суда, вынесенага ў межах грамадзянскай, а не крымінальнай судавытворчасьці, не з’яўляецца працэдурай, устаноўленай законам. Такім чынам, Закон Рэспублікі Беларусь “Аб мерах прымусовага ўзьдзеяньня ў дачыненьні да алкаголікаў і наркаманаў, якія сістэматычна парушаюць грамадзкі парадак і правы іншых асобаў” знаходзіцца ў відавочнай супярэчнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і парушае свабоду і недатыкальнасьць асобы.

 

Акрамя таго, прадугледжаная дадзеным Законам працэдура прымусовага лячэньня асобаў, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм або наркаманію”, супярэчыць Закону Рэспублікі Беларусь “Аб ахове здароўя”, паколькі прадугледжвае меры прымусовага медыцынскага лячэньня. У адпаведнасьці з дадзеным Законам, медыцынская дапамога ў Рэспубліцы Беларусь носіць добраахвотны характар. Выключэньне складаюць меры прымусовага медыцынскага лячэньня, прызначаныя ў адпаведнасьці з прысудам суда ў сувязі са зьдзяйсьненьнем крымінальнага злачынства, г.з., у межах крымінальнага працэсу. Дадзены від прымусовага медыцынскага лячэньня рэгулюецца нормамі Крымінальна-працэсуальнага кодэкса. Выключэньне таксама складаюць выпадкі прымусовай псіхіятрычнай дапамогі асобам, якія пакутуюць на псіхічныя расстройствы і ўяўляюць пагрозу сабе альбо акружаючым (арт.30 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб псіхіятрычнай дапамозе і гарантыях правоў грамадзянаў пры яе аказаньні”), а таксама выпадкі прымусовага лячэньня асобаў, якія пакутуюць на захворваньні, што ўяўляюць небясьпеку для здароўя насельніцтва (арт. 46 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб ахове здароўя”). У апошнім выпадку прымусовае лячэньне зьдзяйсьняецца на падставе рашэньня суда, якое выносіцца ў межах сьпецыяльнай грамадзянскай вытворчасьці (арт. 391 -393 ГПК РБ). Пры гэтым, падставай для такой прымусовай шпіталізацыі з’яўляецца наяўнасьць у асобы захворваньня, якое наносіць шкоду здароўю грамадзянаў. Пералік такіх захворваньняў устаноўлены Пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 13 чэрвеня 2002 № 31 “Аб зацьвярджэньні пераліку захворваньняў, якія ўяўляюць небясьпеку для здароўя насельніцтва”. У дадзеным пераліку такія захворваньні, як хранічны алкагалізм або наркаманія, не ўказаныя.

У выпадку накіраваньня ў ЛПП  прымусовае медыцынскае лячэньне зьдзясьняецца па-за крымінальным працэсам і не ў сувязі з неабходнасьцю аказаньня псіхіятрычнай дапамогі альбо ў мэтах абароны здароўя насельніцтва. Такім чынам, прадугледжаная Законам “Аб мерах прымусовага ўзьдзеяньня ў дачыненні да алкаголікаў і наркаманаў, якія сістэматычна парушаюць грамадзкі парадак і правы іншых асобаў” практыка ўжываньня прымусовай медыцынскай дапамогі супярэчыць Закону “Аб ахове здароўя” і парушае законныя правы грамадзянаў, іх асабістую недатыкальнасьць.

 

Прымусовае прыцягненьне грамадзянаў да працы, прадугледжанае Законам “Аб мерах прымусовага ўзьдзеяньня ў дачыненьні да алкаголікаў і наркаманаў, якія сістэматычна парушаюць грамадзкі парадак і правы іншых асобаў” супярэчыць арт. 41 Канстытуцыі, які ўстанаўлівае працу як права, а не абавязак грамадзянаў. Варта таксама адзначыць, што ў дадзеным выпадку зьдзяйсьняецца прымусовае прыцягненьне да працы не асуджаных за крымінальнае злачынства, а хворых грамадзянаў. Пры гэтым прымусовая праца разглядаецца, як адзін з відаў “лячэньня”, від “медыка-сацыяльнай рэадаптацыі”.

 

Неабходна адзначыць, што Закон “Аб мерах прымусовага ўзьдзеяньня ў дачыненьні да алкаголікаў і наркаманаў, якія сістэматычна парушаюць грамадзкі парадак і правы іншых асобаў” супярэчыць і міжнародным нормам у галіне правоў чалавека, у прыватнасьці, арт. арт. 8 і 9 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Так, у адпаведнасьці  п. 3 а) арт. 8 Пакту, ніхто не павінен змушацца да прымусовай або абавязковай працы. b) у тых краінах, дзе ў выглядзе пакараньня за злачынствы можа прызначацца пазбаўленьне волі, спалучанае з катаржнымі працамі, пункт 3 а) ня лічыцца перашкодай для выкананьня катаржных працаў па прысудзе кампетэнтнага суда, які прызначыў пакараньне. Паводле п.3 с), тэрмінам “прымусовая або абавязковая праца” не ахопліваюцца: і) якая бы то ні была не ўзгаданая ў падпункце b) праца або служба, якую, як правіла павінна выконваць асоба, якая знаходзіцца ў зьняволеньні на падставе законнага распараджэння суда, або асоба, умоўна вызваленая ад такога зьняволеньня; іі) якая бы то ні была служба вайсковага характару, а ў тых краінах, у якіх прызнаюцца адмова ад ваеннай службы па палітычных або рэлігійна-этычных матывах, якая бы то ні была служба, прадугледжаная законам для асобаў, якія адмаўляюцца ад ваеннай службы па такіх матывах; ііі) якая бы то ні была служба, абавязковая ў выпадках надзвычайнага становішча або бедства, пагражаючых жыццю або дабрабыту насельніцтва; іv) якая бы то ні была праца або служба, якая ўваходзіць у звычайныя грамадзянскія абавязкі.

Артыкул 9 Пакту гарантуе кожнаму чалавеку права на свабоду і асабістую недатыкальнасьць. Ніхто ня можа быць падвергнуты адвольнаму арышту або ўтрыманьню пад вартай. Ніхто не павінен быць пазбаўлены волі інакш, як на такіх падставах і ў адпаведнасьці з такой працэдурай, якая ўстаноўленая законам.

 

Такім чынам, Закон Рэспублікі Беларусь “Аб мерах прымусовага ўзьдзеяньня ў дачыненьні да алкаголікаў і наркаманаў, якія сістэматычна парушаюць грамадзкі парадак і правы іншых асобаў” і практыка прымусовай ізаляцыі грамадзянаў у ЛПП, іх прымусовага лячэньня і прыцягненьня да працы  з’яўляецца грубым парушэньнем правоў чалавека. ЛПП і таму падобныя ўстановы з’яўляюцца нічым іншым, як спадчынай савецкай і нават сталінскай таталітарнай сістэмы.

 

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства