"Галадоўка салідарнасьці" набывае міжнародны характар
Да галадоўкі ў падтрымку ваўкавысскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, які з 16 красавіка галадае ў следчым ізалятары на Валадарскага, далучыліся 7 чалавек, у тым ліку і тыя, што жывуць за межамі краіны.
Як паведамляе прэс-служба Маладога Фронту, да акцыі "Галадоўка Салідарнасьці" далучыліся апазыцыйны актывіст Сяргей Антошанкаў, а таксама грамадзкія актывісты Ігар Кісель, што жыве ў Францыі і Алег Алкаеў з Нямеччыны. Яны будуць галадаць па месцы жыхарства. Такім чынам, галадоўка набывае міжнародны характар.
Учора, 5 траўня, пра далучэньне да "хатняй" галадоўкі заявілі таксама грамадзкая актывістка Мар'яна Грузьдзіловіч і сябра БХД Зьміцер Бутэнка.
У сераду на Сядзібу БНФ для ўдзелу ў бестэрмновай галадоўцы прыязджаюць салігорскі маладафронтавец Глеб Сноркін і моладзевая актывістка Ірына Губская.
На дадзены момант у галадоўцы прымае ўдзел 20 чалавек, паведамляе прэс-служба Маладога Фронту.
Нагадаем, "Галадоўка салідарнасьці" распачалася 4 траўня зь ініцыятывы "Маладога Фронту" і былых палітвязьняў.