Сёння – акцыі напаміну пра Юрыя Захаранку
Сёньня ў Васілевічы да маці зьніклага 10 гадоў таму Юрыя Захаранкі паедуць палітыкі, журналісты, праваабаронцы. У Менску, Гомелі і іншых гарадах пройдуць акцыі напаміну.
Сёньня сумныя угодкі – 10 гадоў таму непадалёк ад сваёй кватэры ў Менску быў скрадзены невядомымі Юрый Захаранка, у той час адзін з лідэраў апазыцыі, колішні міністар унутраных спраў, адпраўлены Аляксандрам Лукашэнкам у адстаўку за тое, што аспрэчваў незаконныя загады кіраўніцтва. Справа Юрыя Захаранкі дагэтуль расьсьледуецца, але, як лічыць шмат хто ў Беларусі, яна вядзецца фармальна, толькі каб зьменшыць абвінавачваньне ўладаў у бязьдзеяньні.
Сёньня, як ужо не адзін год, праваабаронца Алег Волчак з калегамі, палітыкамі і журналістамі прыедзе да маці Захаранкі Ульяны Рыгораўны ў пасёлак Васілевічы на Гомельшчыне.
“Кожны год яна чакае, што мы прывязем добрыя навіны, можа раскажам нейкую пэўную інфармацыю. І кожны раз мы прыяжджаем, а навінаў няма. Кажам, што сьледзтва зноў працягнутае і толькі ў канцы сьледзтва нам ўсё скажуць. А сьледзтва працягнутае да 24 чэрвеня, у чарговы раз”.
Сам Алег Волчак перакананы, што вінаватае ў выкраданьні і, магчыма, зьнішчэньні Юрыя Захаранкі, вышэйшае кіраўніцтва краіны, таму гэтак безвынікова і вядзецца сьледзтва.
Юрый Захаранка быў сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі, уваходзіў у яе кіраўніцтва. Сярод іншых палітыкаў да Ульяны Захаранкі сёньня выпраўляецца лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Для яго гэта таксама не першая паездка ў Васілевічы. Пытаюся, з якімі пачуцьцямі Анатоль наведвае маці Захаранкі.
“Гэта незвычайны чалавек, вельмі моцная, абаяльная жанчына. Паездкі туды вельмі няпростыя, нават цяжкія. Вось мы прыедзем і я ведаю, што яна скажа. Яна скажа, што толькі скрыпнула палавіца, раздаўся грукат у дзьверы, і яна падумала, а раптам гэта прыехаў яе Юра. Мінула столькі гадоў, а яна не страціла надзею і веру. Магчыма, гэтую веру ёй таксама даюць людзі, якія да яе прыяжджаюць”.
Сёньня ж у Менску, Гомелі ды іншых гарадох Беларусі адбудуцца акцыі-напаміны пра Юрыя Захаранку. Грамадзкасьць працягвае пытацца: дзе Захаранка? Што зь ім? Хто вінаваты?