Валянцін Стэфановіч: “ Я не зьдзіўлюся, а хутчэй за ўсё так і будзе, што справа «Arche» таксама будзе спыненая”
Сёньня, 7 траўня, Берасьцейскі абласны суд разгледзеў касацыйную скаргу на рашэньне Маскоўскага райсуду Берасьця аб прызнаньні шэрагу публікацыяў у № 7–8 незалежнага часопіса «Arche» «экстрэмісцкімі матэрыяламі, якія падлягаюць зьнішчэньню».
Адвакат Павал Сапелка, які прадстаўляе інтарэсы часопіса ў судзе, у касацыйнай скарзе прасіў адмяніць рашэньне суду першай інстанцыі у сувязі з тым, што яно зьяўляецца неабгрунтаваным і незаконным. Паводле адваката, КДБ не прадставіла неабходныя доказы таго, што публікацыі ў выданьні зьяўляюцца экстрэмісцкімі.
Абласны суд цалкам пагадзіўся з пазіцыяй адваката і адмяніў рашэньне суду Маскоўскага раёну Берасьця, накіраваўшы туды справу на новы разгляд.
Юрыст і праваабаронца Валянцін Стэфановіч каментуе сітуацыю:
– Варта адзначыць, што гэта ўжо ня першая спроба Камітэта дзяржбясьпекі прызнаць нейкія друкаваныя матэрыялы экстрэмісцкімі. Нагадаю, што ў мінулым годзе ў Гарадзенскай вобласьці такіх спробаў было некалькі. Як мне падаецца, зараз сітуацыя вельмі падобная на тую, якая была з газэтай “Свабода”, калі суд Іўеўскага раёну прызнаў публікацыі ў адным з нумароў выданьня, экстрэмісцкімі. А калі гэтае рашэньне было абскарджана ў касацыйным парадку, то Гарадзенскі абласны суд адмяніў папярэдняе рашэньне па фармальных працэсуальных прычынах і накіраваў справу на новы разгляд.
Між тым цалкам не зразумела, на падставе чаго Камітэт дзяржаўнай бясьпекі сам мог прыйсьці да высновы, што гэтыя матэрыялы экстрэмісцкага характару? Дзеля гэтага суд павінен прызначыць правядзеньне адпаведнай экспертызы ва ўстанове, які валодае ведамі ў гэтай галіне. Суд жа Іўеўскага раёну справу гэтую, можна сказаць, пахаваў, фармальна спаслаўшыся на тое, што заява была пададзена з парушэньнямі Грамадзянска-працэсуальнага кодэксу.
Дарэчы, такая ж сітуацыя атрымалася і з іншай справай, якая разглядалася ў адным з раённых судоў Гародні і па якой праваабарончы “Агляд-хроніку парушэньняў правоў чалавека за 2004 год” хацелі прызнаць экстрэмісцкім.
Я мяркую, што сёньняшнее судовае рашэньне таксама не выпадковае, таму што справа «Archе» мела вялікі грамадзкі рэзананс. Дарэчы, судовае паседжаньне было закрытым, на яго нікога акрамя адваката не дапусьцілі. Ну, а ў зьвязку з тым, што зараз у Празе адбываецца саміт, на які запрошана афіцыйная дэлегацыя Беларусі, то, натуральна, ва ўладаў не было аніякіх іншых варынтаў, як проста адмяніць першаснае рашэньне, накіраваць яго ў першую судовую інстанцыю. І я не зьдзіўлюся, а хутчэй за ўсё так і будзе, што справа «Arche» таксама будзе спыненая, бо высьветліцца, што заява пададзеная з якімі-небудзь працэсуальнымі парушэньнямі.
Не магу не адзначыць, што сама сітуацыя з Законам аб экстрэмізме ня можа нас, як праваабаронцаў, не хваляваць, таму што ў самім законе фармулёўка паняцьцяў “экстрэмізм” і “экстрэмісцкія матэрыялы” даецца вельмі шырока і размыта, што дае магчымасьць разнастайных трактовак і маніпуляцый. Яшчэ калі толькі прынялі гэты закон, мы выказалі сваю заклапочанасьць тым, што ён можа выкарыстоўвацца ў мэтах падаўленьня дэмакратычных арганізацыяў, партыяў, а таксма незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Практыка ўжо, нажаль, паказвае, што ва ўладаў ёсьць такія памкненьні – прызнаць некаторыя СМІ экстрэмісцкімі, якія насамрэч такімі не зьяўляюцца.