Учора ў Менску затрымалі 30 ўдзельнікаў акцыі, прысвечанай памяці Захаранкі
Паводле ўдакладненых звестак, у Менску затрымана каля 30 удзельнікаў акцыі з нагоды 10-годдзя знікнення Юрыя Захаранкі, што прайшла вечарам 7 траўня на Кастрычніцкай плошчы.
«Затрыманыя былі дастаўлены ў Цэнтральны РУУС. Потым іх адпускалі без складання пратаколаў», — паведаміла БелаПАН намеснік старшыні зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі «Малады фронт» Наста Палажанка. Паводле яе слоў, некаторыя актывісты згаджаюцца падпісаць паперу, дзе іх папярэджваюць аб незаконнасці ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях. Тыя, каго няма ў дактыласкапічнай базе МУС, робяць адбіткі пальцаў.
Перад пачаткам акцыі быў затрыманы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Сваё затрыманне ён назваў «адкрытай палітычнай шызафрэніяй».
У акцыі, якая праходзіла на Кастрычніцкай плошчы з 18.00 да 18.35, удзельнічала каля 150 чалавек, у тым ліку апазіцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч, Вінцук Вячорка, Андрэй Саннікаў, Дзмітрый Бандарэнка, Артур Фінькевіч, Сяргей Скрабец.
Акцыя была прысвечаная памяці былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, які прапаў без вестак 7 мая 1999 года. Яе ўдзельнікі сталі ланцужком уздоўж праспекта Незалежнасці з бел‑чырвона‑белымі сцягамі, партрэтамі Ю.Захаранкі і затрыманага прадпрымальніка з Ваўкавыска Мікалая Аўтуховіча, які знаходзіцца ў следчым ізалятары па вуліцы Валадарскага і абвясціў галадоўку пратэсту. Удзельнікі акцыі скандзіравалі лозунгі «Жыве Беларусь!», «Свабода!», «Свабоду палітвязням!».
Насупраць іх, таксама ланцугом, сталі байцы міліцэйскага спецназа. Яны не давалі ўдзельнікам акцыі набліжацца да прыдарожнай часткі.